Куды Беларусь падзене лішкі электрычнасці з БелАЭС?


Літва рыхтуе план блакады паставак электраэнергіі з Беларусі. А ва Украіне аднаўленне паставак беларускай электрычнасці выклікаў шквал абурэння.

План поўнай блакады электраэнергіі з Беларускай АЭС будзе падрыхтаваны напрыканцы студзеня – пачатку лютага. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Літвы. Літоўскі ўрад ужо рабіў захады для забароны імпарту беларускай электрычнасці, заклікаў да гэтага Латвію ды Эстонію і ўсю Аб’яднаную Еўропу. Цяпер электрычнасць з Беларусі трапляе на літоўскі рынак праз Латвію.

«Мы вечна будзем шукаць новыя і новыя аргументы, каб гэтая электрычнасць, гэтая энергія, небяспечная і для вас, і для нас, не трапляла б у Літву ды балтыйскія краіны», – адзначае дэпутат парламенту Літвы Гіедрус Сурпліс.

Са студзеня імпарт электрычнасці з Беларусі ў досыць вялікіх памерах аднавіла Украіна. Гэта выклікала хвалю абурэння ў Кіеве і патрабаванні спыніць пастаўкі. Прычына не ў палітыцы, а ў гаспадарцы, лічыць палітычны аглядальнік Ігар Тышкевіч. Паводле яго, выраб дарагой зялёнай энергіі разбалансаваў украінскую энергасістэму. Алігархічным групам стала выгадней набываць электрычнасць за мяжою.

«Яны прадаюць дарагую энергію дзяржаве, і, каб выкупіць гэтую энергію, дзяржава змяншае генерацыю на атамных станцыях. А яны пры гэтым купляюць танную беларускую, каб падаць на свае заводы», – падкрэслівае Ігар Тышкевіч.

Калі пастаўкі беларускай электрычнасці захаваюцца ў сённяшніх аб’ёмах, Беларусь за год можа зарабіць ад трохсот да чатырохсот мільёнаў долараў. Пакуль на АЭС працуе адзін энергаблок. Увод у эксплуатацыю другога запланавалі налета. Тады востра паўстане пытанне пра экспарт электрычнасці.

Эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч упэўнены:

«Беларусі цяжка абысціся без замежных пакупнікоў электраэнергіі пасля ўводу БелАЭС з той прычыны, што БелАЭС мусіць выпрацоўваць электраэнергію ўвесь час, яна не можа спыняцца. А энергаспажыванне ў розны час рознае, і лішкі гэтай энергіі даводзіцца некуды апраўляць».

Пакуль лішкі электраэнергіі Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае скіроўваць на электрычнае ацяпленне жылых дамоў, вытворчасць электракараў і адкрыццё фермаў для майнінгу крыптавалюты.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў