Крывы фантан у Віцебску – за мільён долараў


Ці то ўжо на зімоўку, ці можа на рамонт – даражэзны фантан у віцебскім парку Фрунзэ выключылі. Зрэшты, яшчэ зусім нядаўна віцебчукі маглі заўважыць дзіўнае функцыянаванне дэкарацыйнага элементу. Млявая вада, недаробленыя фарсункі, адсутнасць кампазіцыі струменяў. Гэтак выглядала праца фантану, здадзенага ў эксплуатацыю ўсяго толькі летась.

Пад артыкулам з сайту «Народныя навіны Віцебску» карыстальнік, які падпісаўся «Аддзелам ідэалагічнай працы і справаў моладзі Віцебскага гарвыканкаму», спяшаўся пераканаць, што фантан працаваў у рэжыме тэставання, а сума больш як адзін мільён долараў, названая раней у медыях, ёсць коштам добраўпарадкавання ўсяго парку.

З каментару на NEWS.VITEBSK.CC:

«Кошт працаў будаўніцтва фантану разам з сеткамі водаправоду каналізацыі і электрапастаўцы не перавышае 670 000 беларускіх рублёў. На гэты момант элемент добраўпарадкавання парку, фантан, не здадзены ў эксплуатацыю. Працуе ў тэставым рэжыме, каб захаваць тэхналогію функцыянавання фантану, выконваюцца пуска-наладкавыя работы, наладжванне праграмнага кіравання».

Хоць яшчэ год таму чыноўнікі хваліліся датэрміновай здачай фантану. Зрэшты, і сам дэкарацыйны элемент меў нашмат больш прывабны выгляд. Дзейная ж сітуацыя – сведчанне бесталковасці мясцовых уладаў, калі рэалізацыя не паспявае за планамі. Таццяна Севярынец з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі:

«Гэта з таго шэрагу, што трэба нешта планаваць, паводле азначэння былога намесніка старшыні выканкаму Нікалайкіна спадара Пятра Падгурскага».

Апытаныя намі жыхары Віцебску мяркуюць, што патрачаныя бюджэтныя грошы варта было накіраваць у іншыя сферы.

«Мільён долараў. Гэта колькі можна было б усяго зрабіць?»

«Ну, гэта ж дзяржаўны груз, а не асабістае».

«Я б на дзіцячыя сады, я сама былая выхавацелька, і дзіцячых садоў не хапае ў Віцебску».

«Ну паліклінікі, так, у нас не на найлепшым узроўні. Туды таксама трэба».

Таццяна Севярынец, як і мінакі, нагадвае, што Віцебск не можа дачакацца не столькі нармальнай працы фантану, колькі вельмі істотных бюджэтных пабудоваў:

«А калі будзе медычны офіс у Білева, калі будзе цэнтр гінекалогіі на Хмяльніцкага, тое, што датычыць медычных пытанняў, тое, што патрэбна як паветра, як хлеб, таму што гэта звязана з іх здароўем. І тут вельмі смешна выглядае і сімвалічна вось гэты фантан, які не працуе з-за нейкіх там фарсунак. Таму што ўсё робіцца, прабачце, праз адно месца».

Нехта можа асудзіць віцебчукоў за крытыканства, але ўсё такі, гэта іхныя грошы і падаткі. А таму – маюць святое права і абавязак абурацца марнатраўствам.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: NEWS.VITEBSK.CC