Крымінальныя справы за пратэсты


Больш за чатыры сотні крымінальных справаў супраць удзельнікаў мірных акцыяў пратэстаў і ніводнай супраць сілавікоў. Пры гэтым з заявамі аб збіцці ў следчыя органы звярнуліся амаль 2 тысячы чалавек.

На акцыі пратэсту выходзяць радыкалы, арганізаваныя паводле прынцыпу злачынных групаў 90-х гадоў, супраць якіх улады гатовыя ўжыць зброю – заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў.

«Мы, канечне ж, гуманна выкарыстаем зброю супраць іх, у тым ліку і агнявую. І самых небяспечных «востракапытных» мы з вуліцы прыбярэм», – запэўніў Карпянкоў.

Месяц таму Карпянкоў абмяжоўваўся дубінкай, якой падчас затрымання людзей уласнаручна біў дзверы ў кавярні.

«Гвалт у дачыненні нават да выпадковых людзей, якія трапляюць пад дубінкі, – гэта запужванне і спроба спыніць пратэсты, каб людзі баяліся і страх не дазваляў выходзіць ім на вуліцы», – кажа палітолаг Андрэй Ягораў.

У той жа час начальнік начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў заспакойвае: калі грамадзяне перастануць выходзіць на вуліцы і парушаць закон, «не будзе ні прымянення фізічнай сілы, ні падставаў для выкарыстання спецсродкаў».

«Я хачу з упэўненасцю сказаць, што ўсе органы ўнутраных справаў, уся менская міліцыя супраць гвалту. Мы ўсяго толькі спыняем супрацьпраўныя дзеянні», – адзначае Кубракоў.

Сілавікі паўтараюць: у гвалце вінаватыя самі пратэстоўцы, бо, маўляў, праяўлялі агрэсію. Праваабаронцы пярэчаць: агрэсіўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў пратэставых акцыяў практычна няма.

«Адзінкавыя выпадкі, калі людзі ўжывалі нейкі гвалт. Такія выпадкі, так, былі, але яшчэ раз кажу, што яны адзінкавыя, і звычайна яны – наступствы таго, што людзей проста давялі да крайнасці, таму што першаснай была агрэсія і гвалт з боку супрацоўнікаў міліцыі», – гаворыць старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак.

З 9 жніўня, калі ў Беларусі пачаліся пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта, завялі больш за 400 крымінальных справаў за парушэнне грамадскага парадку.

«Прымаюцца самыя рашучыя захады, каб спыняць любыя спробы радыкальных дзеянняў з боку грамадзянаў. Гаворка ідзе, напрыклад, пра факты блакавання дарожнага руху, перш за ўсё – у сталіцы», – паведаміў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Пракуратура патрабуе як найхутчэй затрымліваць «радыкальных» пратэстоўцаў, за блакаванне дарог заводзіць крымінальныя справы, змяшчаць затрыманых пад варту і выносіць максімальна строгія прысуды.

Пры гэтым супраць сілавікоў, ад гвалту якіх пацярпелі простыя грамадзяне, не завялі ніводнай крымінальнай справы. Хаця для завядзення крымінальнай справы дастаткова аднаго факту – кажа Алег Гулак:

«Калі ў чалавека відавочныя пашкоджанні – то паводле працэдуры гэтага дастаткова для ўзбуджэння крымінальнай справы па факце, а ўжо потым у межах расследавання крымінальнай справы якраз праводзіць і экспертызы, і ўсе іншыя следчыя дзеянні».

Паводле падлікаў праваабаронцаў, у Беларусі падчас паслявыбарчых пратэстаў тры чалавекі загінулі, былі задакументаваныя больш за 500 выпадкаў катаванняў, 1800 чалавек звярнуліся ў следчыя органы з заявамі пра гвалт.

Калі б улады расследавалі гэтыя выпадкі і пакаралі вінаватых, ці спыніла б гэта пратэст?

«Я ўвогуле не веру, што ўлада са сваёй сутнасцю здольная пайсці на такі крок».

«Калі б сапраўды былі справы і былі б вынікі, і былі б заведзеныя ў адказ крымінальныя справы на прадстаўнікоў АМАПу, напрыклад, ці міліцыі, то думаю так, гэта б неяк паўплывала на далейшыя паводзіны людзей».

«Я думаю, што гэта аслабіць пратэст, безумоўна, але ўсё роўна будзе працягвацца далей».

«Па-першае, я думаю, што гэтая ўлада ніколі не пачне ўжо крымінальных справаў супраць сілавікоў, якія збівалі і забівалі людзей. Па-другое, нельга спыняць пратэст, пакуль ён не сыдзе», – кажуць жыхары Менску.

Крымінальныя справы не распачынаюцца таму, што існуе кругавая парука – упэўнены палітолаг Андрэй Ягораў.

«Як толькі будзе хоць адна справа, хоць некалькі выпадкаў, калі яны будуць асуджаныя, то наступны чалавек будзе ведаць, што ёсць імавернасць таго, што і ён будзе пакараны. Таму ён будзе ўстрымлівацца ад такіх дзеянняў, і значна складаней будзе іх накіраваць на такога кшталту працу, на ўжыванне такога гвалту, які яны выкарыстоўваюць», – гаворыць Ягораў.

Па-сапраўднаму спыніць пратэсты, мяркуе эксперт, магло б выкананне двух патрабаванняў: расследаванне гвалту і вызваленне палітзняволеных.

Радыкалізацыя ж пратэсту прывядзе да паглыблення крызісу.

Анастасія Русецкая, «Белсат»