Крымінальных справаў усё более – рэпрэсіі 20 лістапада


Тры з паловаю гады пазбаўлення волі для менскага архітэктара Арцёма Такарчука за супраціў сілавіку на маршы 13 верасня. Абвінавачваюць у тым, што некалькі разоў ударыў салдата Чарнякова, дзейнічаючы групай асобаў.

Арцём прызнаў, што штурхнуў салдата, але адмаўляе дзейнасць у групе асобаў. На судзе мужчына распавёў, што спрабаваў адцягнуць сілавіка, бо чуў енкі чалавека пад ім.

«Непераканаўчым было абвінавачванне ў той частцы, што адзін вось гэты мужчына мог нанесці тыя траўмы, якія зафіксавала судмедэкспертыза ў пацярпелага салдата тэрміновай службы», – лічыць юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка.

Пасля гвалтоўнага затрымання Арцёму наклалі швы на галаву і адпусцілі. Пры паўторным затрыманні 15 верасня збілі ў мікрааўтобусе – мужчына атрымаў страсенне мозґу.

Сёння стала вядома пра яшчэ адзін крымінальны вырак, які вынеслі на мінулым тыдні менчуку за распыленне газу ў твар міліцыянту, – 3 гады пазбаўлення волі. Абвінавачаны сваёй віны не прызнаў.

«Усіх людзей, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай, з праблемай крымінальнага пераследу, заклікаю звяртацца ў нашую арганізацыю і казаць своечасова, калі будзе разгляд крымінальных справаў, таму што гэта вельмі важна, каб мы далі прававую ацэнку дзеянням уладаў», – заклікае Аляксей.

Падазраюць у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках адміністратарку тэлеграм-каналаў «Мая Краіна Беларусь», «Беларусь 24» і «Элехтарат» Ірыну Шчасную. Цяпер жанчына – фігурантка крымінальнай справы, у яе адбыўся ператрус. Ірыну затрымлівалі людзі, пераапранутыя ва ўніформу ЖЭС.

Няўдачаю скончылася сёння спроба абскардзіць рашэнне па крымінальнай справе за супраціў міліцыянтам у Маладзечне. Уладзіслава Еўсцягнеева пакаралі зняволеннем на тры гады, Паўла Пяскова – на тры гады і тры месяцы.

«На ўтрыманні малалетняе дзіця, а другое – чыстасардэчнае прызнанне, якое не ўлічылі ані ў першым, то бок судзе гораду Маладзечна…», – распавядае пра змякчальныя абставіны грамадзянская жонка Паўла Пяскова Вераніка.

Гэта быў першы крымінальны прысуд з 9 жніўня. Цяпер «Вясна» збірае звесткі пра крымінальны пераслед, звязаны з выбарчай кампаніяй і пратэстамі. Сабралі больш за 500 імёнаў падазраваных і абвінавачаных. Больш за сто асобаў са спісу прызнаныя палітвязнямі.

«Я думаю, што нават калі нехта і актыўна на нешта адказаў, то гэта будуць адзінкавыя факты, адзінкавыя. У адрозненне ад шматлікіх фактаў прымянення – і збольшага беспадстаўна – фізічнай моцы, спецыяльных сродкаў з боку супрацоўнікаў органаў», – лічыць юрыст і былы працаўнік Генпракуратуры Андрэй Сыцько.

Не спыняецца разгляд і адміністратыўных справаў. Сёння былому актору драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску Максіму Каржыцкаму далі 10 содняў арышту за ўдзел у акцыі ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі 13 лістапада і ў акцыі пратэсту 15 лістапада.

«Кажуць, што ўжо дасягнулі дна і нашыя суддзі, і праваахоўныя органы. Яны яго не дасягнулі – яны падаюць усё ніжэй і ніжэй», – абураецца слухачка на працэсе Максіма Ала Рошчынская.

Таксама сёння на 675 рублёў аштрафавалі пенсіянерку, лідарку ініцыятывы «Наша пакаленне» Таццяну Зялко за ўдзел у акцыі пратэсту. А пасля 15 содняў у Жодзіне на волю сёння выйшаў палітолаг Андрэй Ягораў.

«Двое содняў не кармілі, 20 чалавек у камеры, якая разлічаная на 8 чалавек. У прынцыпе астатнія былі ў падобных умовах. У «дзясятцы» было па 30 чалавек у першыя дні. Потым ужо пасля судоў было больш-менш нармальна. Ну як нармальныя? Не выдавалі, напрыклад, матрацаў, пазней выдавалі», – успамінае Андрэй Ягораў.

Некаторым цяжка знайсці сваіх сваякоў пасля затрымання. Каб спрасціць пошук, быў створаны сайт Spiski.live, дзе па адным толькі прозвішчы можна знайсці інфармацыю пра затрыманых. Пакуль што да сайту падключаныя спісы за лістапад, пазней з’явяцца за верасень і кастрычнік.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»