Крымінальны пераслед


Да 6 гадоў пазбаўлення волі можа атрымаць 27-гадовы жыхар Віцебску Уладзіслаў Макавецкі. Яго вінавацяць у гвалце ці пагрозе гвалту адносна працаўніка ўнутраных справаў. Таму больш за два месяцы ўтрымліваюць пад вартаю. Сёння адбылося першае паседжанне.

У Віцебску судзілі 27-гадовага Уладзіслава Макавецкага паводле 364-га крымінальнага артыкулу за ўдзел у мірным шэсці 6-га верасня. Як доказ ґвалту ці пагрозы ґвалту ў дачыненні міліцыянта – фота Уладзіслава з гумавым дручком над галавой працаўніка.

«Я проста не магу ў гэта паверыць. У гэтай сітуацыі можа апынуцца кожны, і як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі… Гэта немагчыма, пакуль не апынешся. Можа, гэта і выглядае дзіўна, але ён ніколі не біўся, ні з кім не сварыўся. Ён заўсёды спрабаваў дамаўляцца», – разважае маці Уладзіслава Наталля Макавецкая.

Уладзіслаў – мастак, калекцыянер, разьбяр і аўтар 23-метровае драўлянае лыжкі, адпаведны артыкул можна знайсці на сайце Менскага аблвыканкаму. Цяпер, паводле словаў прэс-сакратаркі міністэрства ўнутраных справаў Вольгі Чамаданавай, мужчына – адзін з актыўных удзельнікаў нападу на працаўнікоў міліцыі і калекцыянер фашысцкае сімволікі. Ён рэканструюе і аднаўляе вайсковыя артэфакты, сцвярджае маці. Гэтыя рэчы падчас ператрусу канфіскавалі.

«Пракурор мэтанакіравана як бы стараецца яго засадзіць. Усімі спосабамі падказвае дваім так званым пацярпелым працаўнікам міліцыі, як і што казаць. Ну, і суддзя не вельмі хоча разбірацца. У іх свае мэты – паказальна наўпрост пасадзіць чарговага чалавека», – аднакласнік абвінавачнага Павел Пруднікаў у судовую сістэму Беларусі не верыць.

Паводле маці Уладзіслава, у той дзень ён спрабаваў спыніць магчымы ґвалт. Калі гумавы дручок выпаў з рук міліцыянта, Уладзіслаў яго падняў і кінуў у іншы бок.

«Звярніце ўвагу: за тое, што на працаўніка міліцыі дрэнна паглядзелі, і ён ад гэтага ўпаў – крымінальная справа. За тое, што працаўнікі міліцыі праявілі жорсткасць – мне, напрыклад, невядома, каб распачалі нават адну крымінальную справу і нехта адказваў перад законам», – разважае праваабаронца Павел Левінаў.

Паводле таго самага артыкулу ў Віцебску судзілі 29-гадовага Алега Яфрэменку. Нібыта 13 верасня на шэсці ён учыніў ґвалт адносна працаўніка МУС. Алег атрымаў чатыры з паловаю года пазбаўлення волі.

Надзея Бельская, «Белсат».