Следчы камітэт працягне справу патрыётаў


Роўна паўгода таму Лукашэнка першы раз заявіў пра затрыманне баевікоў, якія нібыта рыхтавалі ўзброеную правакацыю супраць Беларусі.

Пасля заявы Лукашэнкі распачаліся затрыманні

Агулам пад варту трапілі больш за трыццаць асобаў. Сярод іх – былыя актывісты «Белага легіёну», які на той момант даўно спыніў сваё існаванне, а таксама сябры клубу «Патрыёт» ды «Маладога фронту». Іх абвінавацілі ў рыхтаванні масавых закалотаў, а пазней – у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.

Усіх фігурантаў ужо адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, а з большасці знялі ўсе абвінавачанні. Сёння Следчы камітэт меўся прыняць рашэнне: спыніць ці працягнуць следства далей. Раней стала вядома, што ў справе змянілася следчая група, бо некалькі яе чальцоў з невядомых прычынаў звольніліся з працы.

Следчы камітэт – «Белсату»: следства працягнуць

На меркаванне стваральніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбы, справу могуць перакваліфікаваць, але дакладна не будуць пакуль спыняць.

«Я думаю, яны не знаходзяць падставаў для вядзення гэтага артыкулу «незаконнае ўзброенае фармаванне», зараз яны шукаюць які артыкул можна дапасаваць да нас», – упэўнены Сяргей.

На меркаванне палітыкаў і экспертаў, справа патрыётаў вельмі важная для Аляксандра Лукашэнкі, бо, між іншага, гэта прадмет гандлю ў ягоных геапалітычных інтарэсах.

«Іх проста выкарыстоўваюць як расходны матэрыял. Калі б не яны, то былі б нейкія іншыя людзі. На іх вешаюць ярлык нацыяналістаў і прадаюць Пуціну. Мы, маўляў, нацыяналістаў судзім, калі стасункі з Пуціным кепскія, нацыяналістаў у двукоссі адпускаюць», – упэўнены палітык Павал Севярынец.

Сваю ролю справа адыграла і на ўнутраным рынку

Затрыманні адбыліся напярэдадні Дня волі, які 25-га сакавіка рыхтавалася адзначыць апазіцыя. А таксама пасля гарачай пратэставай зімы, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выходзілі тысячы незадаволеных сацыяльнаю і эканамічнаю палітыкай Лукашэнкі.

Вольга Жарнасек, «Белсат»