Крымінальная адказнасць за лайк ці рэпост нашумелага фільму NEXTA?


Каля двух мільёнаў праглядаў і больш за 50 тысячаў каментароў у YouTube. Стужку блогера NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» амаль праз месяц пасля выхаду прызналі экстрэмісцкаю. Тое, што сёння пастанова набывае моц, «Нашай Ніве» і Радыё Свабода пацвердзілі Рэспубліканская экспертная камісія і Вярхоўны Суд. Між тым аўтар, які не хавае адказнасці за фільм, не атрымаў нават позвы аб справе.

Сцяпан Святлоў, блогер NEXTA, аўтар фільму:

«Аляксандру Лукашэнку не выходзіць з галавы гэты фільм. Я гляджу, ва ўчорашняй прамове да ўраду ён згадаў гэтыя факты з фільму, што ён быў наглядчыкам у турме, што гэта ўсё нібыта фэйкі, і трэба змагацца з фэйкамі. Я думаю, гэта адна з такіх рэакцыяў на абурэнне Лукашэнкі».

Працэдура прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі ажыццяўляецца па заяве дзяржаўнага органу. Хто менавіта скіраваў у Рэспубліканскую экспертную камісію просьбу правесці экспертызу фільму, дакладна невядома.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Дзяржава вельмі закрытая, непразрыстая, па сваіх каналах прызнае прадукцыю экстрэмісцкай, а грамадскасць нават і не ведае пра гэта», – кажа Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Гэтак неўзабаве фільм маюць улучыць у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але ўжо з сёння адказнасць будзе распаўсюджвацца на карыстальнікаў YouTube за рэпост ці нават упадабанне стужкі. А які лёс чакае сам фільм? Вольга Сяховіч, медыйная юрыстка:

«Міністэрства інфармацыі, якое адказвае за гэтае пытанне, павіннае прыняць захады, каб гэты фільм не распаўсюджваўся далей. Як ён будзе выбудоўваць свае адносіны з YouTube, мы не ведаем».

Між тым верагоднасць, што фільм, які можа замінаць уладам, паспрабуюць выдаліць, вельмі вялікая. Стужка выклікала шырокі рэзананс, моладзь дзялілася спасылкамі – і онлайн-дыскусія ператварылася ў офлайн-сустрэчу. Прыблізна 500 чалавек сабраліся на плошчы Свабоды ў Менску, каб абмеркаваць, што рабіць далей.

«Мне падаецца, што чыноўнікі зразумелі вялікі ўплыў на беларускае грамадства новых формаў медыяў: тэлеграм-каналаў, відэазваротаў, відэафільмаў, якія немагчыма проста выкінуць з падпіскі, забараніць адным рашэннем, таму што гэта ўсё распаўсюджваецца значна хутчэй найноўшымі тэхналогіямі, якімі карыстаецца моладзь», – гаворыць Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Тыдзень раней пад крымінальным абвінавачаннем аказаўся чалавек, які дапамагаў шукаць матэрыялы для фільму – Уладзімір Чудзянцоў. Яго затрымалі на беларуска-польскай мяжы. Чудзянцову выставілі абвінавачанне ў спробе кантрабанды, а таксама – перавозе і захоўванні наркотыкаў.

Юлія Лабанава belsat.eu