Крым больш не радуе. На чарзе Беларусь?


Адным з першых, хто павіншаваў Уладзіміра Пуціна з перамогай, быў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер іх аб’ядноўваюць і тэрміны прэзідэнцтва: Лукашэнка кіруе ўжо 24 гады, а Пуцін – 18, але мае наперадзе яшчэ 6 гадоў.

Выбары ў Расеі былі свабоднымі – калі мераць менскімі стандартамі. Як заявіў сёння Віктар Гумінскі, які кіраваў місіяй назіральнікаў ад СНД, усё прайшло легітымна, адкрыта і канкурэнтна, а укіды галасоў гэта нязначныя дробязі. З падобнымі словамі Аляксандр Лукашэнка даслаў Пуціну віншавальную тэлеграму ды запрасіў у Менск, на паседжанне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы.

«Гістарычныя вузы дружбы і ўзаемаразумення нашых народаў стануцца задаткам далейшага пашырэння беларуска-расейскага стратэгічнага партнёрства… Моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі ды далейшых здзяйсненняў на карысць брацкага народу Расеі», – напісаў Пуціну кіраўнік Беларусі.

А потым Лукашэнка яшчэ і дазваніўся асабіста павіншаваць расейскага калегу ды пагаварыць пра эканамічныя барʼеры і абмежаванні, якія перашкаджаюць інтэграцыі ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу. Магчыма, на ўвазе мелася і забарона беларускага малака, і пытанне ўнутрырасейскіх коштаў на нафту. Агулам Лукашэнка перастаў быць палымяным інтэгратарам постсавецкай прасторы, адзначае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Цяпер ён зразумеў, што навару ўсё меней ад гэтага праекту, а галаўнога болю ўсё болей. Бо Масква апошнімі гадамі дэманструе вялікадзяржаўныя, імперскія амбіцыі. Крым захапіла да сябе», – дадае Класкоўскі.

Але Крым больш не радуе

Кіраўніцтву Расеі трэба прадставіць грамадзянам новыя перамогі і ў Беларусі «рускаму міру» ёсць на каго абаперціся. Калі судзіць з апытання, на выбарчыя ўчасткі ў Беларусі прыйшлі не проста грамадзяне Расеі, а ў большасці – гарачыя прыхільнікі Пуціна. Падобныя гарачыя патрыёты пуцінскай Расеі чатыры гады таму дапамаглі кадравым вайскоўцам і гібрыдным фармаванням узяць пад кантроль ключавыя абʼекты ў Крыме.

Калі казаць не пра бліцкрыг, а павольнае паглынанне Расеяй эканамічных актываў Беларусі, тут сітуацыя дваякая. З аднаго боку, беларускае кіраўніцтва не змагло размеркаваць экспарт пароўну між Расеяй, Еўразвязам, Кітаем і краінамі Дальняй Дугі. Залежнасць ад расейскага рынку застаецца. З іншага, Уладзімір Пуцін больш не хваліцца поспехамі інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Як лічыць Аляксандр Класкоўскі, Масква не вырашыцца на новую ваенную авантуру. Бо Захад за нас ваяваць не будзе, але калі што, дадушыць Расею санкцыямі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Stringer / Reuters / Forum