«Крычыш: «Агу, вясна!» – і з'яўляецца сонца». У Гомлі развіталіся з зімой


23 сакавіка 2019 года.Марыя Грынкевіч, адна з удзельніцаў абраду гукання вясны на беразе Сажа. Фота – «Белсат»

Старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны адзначылі ў Гомлі. Сотня гамельчукоў выйшла на правы бераг Сажа, каб завесці гукальныя карагоды, патанчыць, падкінуць у паветра фігуркі птушак ды спаліць пудзіла зімы.

Вясну клікалі зазвычай на самых высокіх і адкрытых месцах, дзе найперш сыходзіў снег. Гэтак сёлета зрабілі і гамельчукі на беразе Сажа.

«Гістарычна таксама бабулі выходзілі на самы высокі пагорак у вёсцы і вадзілі карагоды, спявалі песні – гукалі вясну», – кажа Святлана Парашчанка з фальклорнага гурту «Стаўбунскія вячоркі».

Арганізавалі святочную імпрэзу філіял Веткаўскага музею, музычная школа нумар 30 ды грамадская арганізацыя «Талака».

Відэарэпартаж са свята глядзіце ў поўным выданні навінаў за 23 сакавіка

Удзельнікі гомельскага «Гукання вясны» вадзілі карагоды вакол дрэва, упрыгожанага папяровымі птушкамі, дружна, з воклічам гукання, падкідалі ўгару фігуркі птушак з печыва, гуляліся ў гульні, спальвалі зробленае з рыззя пудзіла зімы – Марэну.

«Усе абрады веснавыя звязаныя з тым, каб абудзіць зямлю, абудзіць прыроду. Назіраецца такі нават фізіялагічны працэс, калі крычыш, падняўшы рукі: «Агу, вясна!» – і сонейка сапраўды пачынае выглядваць», – тлумачыць этнолаг Алена Ведзь.

Вясна адыгрывала важную ролю ў земляробчым календары нашых продкаў. Чакалі цяпла і сонца. Прыход вясны прыспешвалі, на думку нашых продкаў, адмысловыя магічныя дзеянні і рытуалы. Дзяўчаты ўбіраліся ў яскравае адзенне, каб Бог бачыў, што прырода гатовая абудзіцца і квітнець. Старыя традыцыі даспадобы ўсім пакаленням гамельчукоў.

«Гэта вельмі важнае свята для нас. Таму што ўсё ж такі трэба вясну загукаць, каб яна да нас прыйшла. Бо інакш яна да нас не прыйдзе», – пацвярджае жыхарка Гомлю Марыя Грынкевіч.

«Гуканне вясны» – адзін з самых прыгожых і магічных рытуалаў, карані якога ідуць з паганскіх часоў. Нашыя продкі лічылі вясну пачаткам года і надзеяй чалавека на лепшае жыццё.

Арцём Лява, «Белсат»