Аб'ектыў 27.06.2017 Крычаўскі падпалкоўнік міліцыі судзіцца з начальствам


21 год службы, якія ён не збіраецца выкідаць на сметніцу. Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік супраць Міністэрства ўнутраных справаў.

«У зыход справы я не веру, гэта я вам адразу кажу… Таму што справядлівасці няма», – мяркуе былы міліцыянт.

Ігар Вусік патрабуе ад ведамства аднавіць яго на працы, а таксама скампенсаваць маральную шкоду памерам Br 10 тыс. Напрыканцы траўня яго і ўчастковага Андрэя Шашкова звольнілі за парушэнне ўнутранай карпаратыўнай этыкі. А менавіта за тое, што распавялі пра канфлікт у міліцыі нашаму тэлеканалу.

Вусік і калегі распавялі «Белсату», што начальнік Крычаўскага РАУСу, падпалкоўнік Станіслаў Чупрын, злоўжываў становішчам: разам з намеснікам забіраў у падначаленых прэміі, не адпускаў з дзяжурства, пакуль яны не выявяць планавай колькасці правапарушэнняў. Чупрын прысутнічаў у Цэнтральным судзе Менску ў якасці аднаго з адказнікаў.

«З сістэмай я не змагаюся, я канкрэтна змагаюся з гэтымі кіраўнікамі», – дадаў падпалкоўнік міліцыі.

У парушэнні кантракту вінавацяць менавіта Вусіка

Прадстаўнікі Магілёўскага МУСу падкрэслівалі, што абавязак не разгалошваць унутраныя справы быў пазначаны ў кантракце звольненага. Вусік, які прыйшоў на разгляд справы без адваката, прызнаў, што ўласнай копіі кантракту не мае, бо пры падпісанні ў аддзелы кадраў не было паперы.

Паводле былога следчага Алега Волчака, праблема датычыць не асобна ўзятага аддзялення, а ўсёй міліцэйскай сістэмы ў краіне. У аддзяленнях прымушаюць выконваць планы ў адміністратыўных і крымінальных справах, а пра канфлікты трэба маўчаць. І абараняецца гэты статус-кво на найвышэйшым узроўні, пра што сведчаць вынікі ведамасных правяранняў.

Пры Лукашэнку сістэма квітнее

Усе, хто пра злоўжыванні заікаецца, вядуць, калі верыць міністру Шуневічу, інфармацыйную вайну супраць ведамства. Якое месца ў гэтай вайне адвядзе суд Ігару Вусіку – стане вядома заўтра – а 9-ай гадзіне агучаць пастанову ў справе.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары