Круты летнік на Глыбоччыне – тут ездзяць конна ды вучацца жыць без гэджэтаў


Даволі нетыповы від дзіцячых летнікаў вось ужо трэці сезон запар прапаноўвае аграэкасядзіба «Утрына», што на Глыбоччыне. Яе стварыла сям’я расейцаў Мельнічэнкаў, якія прадалі кватэру ў горадзе на карысць пераезду ў Галубіцкую пушчу.

Святлана Мельнічэнка, гаспадыня сядзібы «Утрына»: «Напэўна, у душы нам хацелася таксама нешта новае спазнаць, новы кірунак жыцця, змяніць лад жыцця, хацелася чагосьці незвычайнага».

А ў наш час незвычайным ёсць тое, што калісьці здавалася паўсядзённым жыццём. Да прыкладу, вось такі душ, у якім вада награваецца сонцам: «Там зверху бак на 400 літраў вады, і дзякуючы натуральнай цыркуляцыі, халодная вада награваецца і адразу ідзе ў бак».

Працы вельмі шмат, кажуць гаспадары аграсядзібы. Але затое яна цікавая.

Святлана Мельнічэнка, гаспадыня сядзібы «Утрына»: «Адназначна, што гэта не даецца ўсё проста. Атрымліваецца, мы вучымся разам з дзецьмі. Як бы даем ім свае веды і ў той жа час самыя ў іх навучаемся. А з такога сумеснага камунікавання развіваецца ўзаемадзеянне. Калі сказаць адным словам, гэта вельмі цікава».

Усе восем дзён – а менавіта столькі доўжыцца адна змена ў летніку – дзеці жывуць у гэтак званых тыпі – традыцыйным пераносным жытле качавых індзейцаў. Атмасфера змушае прытрымлівацца і іншых традыцыяў народу: кантактаваць са змеямі, жамярою і павукамі, плесці сувеніры, якія прыцягваюць добрыя сны, ды проста адчуваць свабоду.

Руслан Мельнічэнка, адзін з гаспадароў сядзібы «Утрына»: «Мы капаем глыбей-глыбей-глыбей, чымся Беларусь – што тут было на гэтай тэрыторыі ды развіваем. Чаму індзейцы? Нам падабаецца іхны падыход да прыроды».

Ну і куды ж без тэорыі ды ведання ўласнай гісторыі. Глыбоцкія журналісты прыязджаюць, каб навучЫць дзяцей пісаць кароткія навіны і весці свой блог, а дасведчаны гісторык з Полацку Сяргей Саркісян распавядае ім пра гісторыю нашага краю.

Сяргей Саркісян, гісторык: «Гэта ўсё цікавы працэс, якому хацелася б дзяцей навучыць. Каб яны гэта таксама ўяўлялі. Вось на прыкладзе маім – пра вікінгаў, потым – пра рыцараў, XIV стагоддзе, Грунвальдская бітва. І дзеці ўжо ўяўляюць, у чым хадзілі крыжаносцы, у чым іхныя продкі змагаліся з ворагам».

А ўнікальны сімбіёз практыкі ды тэорыі, вядома ж, вельмі падабаецца самім дзецям. Праграма летніка настолькі насычаная, што ўжо праз дзень пасля прыезду яны з задавальненнем дзеляцца ўражаннямі.

Удзельніцы летніка:

«За гэты час мы паспелі схадзіць у лазню, пакатацца на конях ды пазнаёміцца з сабакамі».

«Яшчэ мы дапамагаем на кухні. Ежу робім таксама».

А таму і гэткі адпачынак у сядзібе робіцца ўсё больш папулярны, кажуць уласнікі аграэкасядзібы. Ды з задавальненнем запрашаюць да сябе ўсіх ахвочых.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»