Крумкачы перамаглі Дняпро


Менскі клуб «Крумкачы» стаў апошнім удзельнікам найвышэйшай лігі футбольнага першынства нашае краіны на наступны сезон, і гэта ўжо на другі год свайго выступлення ў чэмпіянаце Беларусі. У апошнім туры першай лігі «Крумкачы» перамаглі «Дняпро» 2:0 і занялі трэці радок табліцы, які даў пропуск у эліту.

Тым часам у Кубку краіны па футболе адбыўся шэраг матчаў. Берасцейскае «Дынама» сёння на сваім полі, якое, дарэчы, было вельмі кепскай якасці, у другім двубоі 1/8-ай фіналу дзякуючы аднаму дакладнаму ўдару Перапечкі перамагло «Нафтан» 1:0. Аднак у чвэрцьфінал трапіў менавіта наваполацкі клуб, бо быў мацнейшы ў першай гульні 3:1. Яшчэ ў адной сустрэчы 1/8 «Славія» дома нанесла паразу сталічнаму клубу «Менск», аднак па выніках двухраундавай дуэлі ў барацьбе за ганаровы трафей далей мы ўбачым менавыіта «гараджанаў».