«Крумкачы» разбілі «БАТЭ». Чаму гэта важна для ўсяго беларускага футболу?


68-я хвіліна матчу і магутны ўдар малдаўскага паўабаронцы «Крумкачоў» Уладзіслава Іванова з больш як 20 метраў становіцца вырашальным – вынік: 3:2 на карысць гасцей. У гэта цяжка паверыць – 13-ціразовы чэмпіён Беларусі, які перагульваў італьянскую «Рому» і мюнхенскую «Баварыю», саступае зусім маладым і няпэўным «Крумкачам». У перамозе гаспадароў сумняваўся мала хто – ад букмекераў і заўзятараў да саміх гульцоў.

Вера перамагла

«Я верыў. І перад гульнёй нават сказаў: пасля першай паловы будзе 2-0. Усяму кіраўніцтву сказаў», – узгадвае паўабаронца Уладзіслаў Іваноў.

Перамогу «Крумкачоў» можна назваць знакавай: адзіны незалежны ад дзяржавы ў найвышэйшай лізе клуб яшчэ ў разгар крызісу знайшоў сваю гульню.

«Гэта маладыя, амбіцыйныя футбалісты, у якіх за плячыма вельмі мала вопыту, але вельмі вялікае жаданне. Часам жаданне важнейшае», – мяркуе спартовы журналіст Барыс Тасман.

Некалькі месяцаў гульцам «Крумкачоў» не выплачваюць заробкі

Некаторыя з іх байкатуюць матчы. Напрыканцы ліпеня на выязную гульню супраць «Віцебску» не паехала палова каманды.

У сваю чаргу «БАТЭ», якому «Крумкачы» яшчэ і павінныя, сам трапіў у глыбокі крызіс, выратаваннем з якога яшчэ да патэнцыйнага чарговага чэмпіёнства павінен стаць выхад у групу Лігі Еўропы УЕФА. Іншага не дадзена.

«Крумкачы» ж, пры ўсёй сваёй фінансава-кадравай нестабільнасці, на чацвёрты год існавання працягваюць крочыць наперад – і ўжо прабіліся ў чвэрцьфінал Кубку Беларусі. Прымаючы не заўжды карысныя для сябе ўмовы спартовага адміністравання, клуб здавацца не збіраецца.

Крумкачоў ні разбіць, ні спыніць, ні стрымаць?

Зрэшты, і сам «БАТЭ» таксама калісьці быў звычайнай заводскай камандай. Але, пакрысе зрабіў сабе імя ў Еўропе. Чаму ж не павінна атрымацца і ў клубу новай фармацыі – «Крумкачоў»?

Сцяпан Святлоў, «Белсат», фота: Юля Рапіская / krumka.by