Круглы стол у Беларусі: дыялог, які так і не пачаўся


На фоне новай хвалі ціску на актыўную частку насельніцтва, узнікае пытанне: куды далей пойдзе ўмоўная лібералізацыя? Яшчэ месяц таму мы мелі зусім іншую карціну: у грамадстве размаўлялі пра ўмераную адлігу ды нават разглядалі магчымасць Круглага стала паміж уладамі і апазіцыяй. Чаму не дайшло да дыялогу?

Месяц таму адбылося незвычайнае

Лукашэнка абняў і прыняў у сваёй адміністрацыі галоўнага рэдактара «Народнай Волі». Іосіф Сярэдзіч прасіў аб асабістай сустрэчы публічна і казаў, што Беларусь у небяспецы.

«Перажыванні за тое, што мы на сённяшні дзень маем, што можам мець заўтра, паслязаўтра, і прывяло менавіта да вас».

Сярэдзіч быў «на вы», Лукашэнка «тыкаў», неяк так і размаўлялі

Магістр беларускай журналістыкі распавёў у рэдактарскай калонцы, што прасіў Лукашэнку да дыялогу з грамадствам, заклікаў сесці за адзін стол і шукаць спосабы адвесці ад Беларусі знешнія пагрозы. Тады зноўку ў незалежных медыях сталі казаць пра «лібералізацыю» і «адлігу».Але адліга аказалася міражом.

«Меней сталі душыць на нейкі час, і не таму, што перарабіўся рэжым, не таму, што ён белым і пушыстым стаў, а таму, што спатрэбіліся заходнія грошы, бо Масква не дае, і спатрэбілася свабода геапалітычнага манеўра, бо за гарляк бярэ тая самая Масква», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Гісторыя памятае круглы стол у Польшчы

Ппасля Ваеннага становішча, калі апазіцыя прымусіла камуністычную ўладу генерала Ярузэльскага ісці на саступкі. У Лукашэнкі іншая сітуацыя – ён не ўмее кіраваць неаўтарытарна. І грамадзяне пакуль не вымусілі яго ісці на дыялог, а тым больш здаваць частку паўнамоцтваў, мяркуе Вераніка Лапуцька, аналітык цэнтру «Еўразійскія дзяржавы ў пераходны перыяд».

«Не існуе неабходнасці для Лукашэнкі і кіроўнай эліты гэта рабіць, не настолькі ёсць небяспека іх уладзе, каб ісці на гэты крок», – тлумачыць аналітык.

Ваеннага становішча ўводзіць не трэба – гэта ж не Польшча

У пратэстах супраць падатку на беспрацоўе лукашэнкаўскія ідэолагі бачаць не народны гнеў, а знешні фактар і таемныя спружыны геапалітыкі.

Фізічныя магчымасці ёсць – Беларусь адна з сусветных лідараў па колькасці міліцыянтаў на душу насельніцтва. Юрыдычна таксама – у сілавікоў дастаткова ўлады, каб саджаць, біць, штрафаваць і звальняць.

Але чаго не разумеюць у залатых кабінетах Лукашэнкі – менавіта жорсткая, хамская рэакцыя ўлады на пратэсты супраць дэкрэту №3 і падняла яшчэ большую хвалю незадавальнення. І цяпер у беларускіх рэгіёнах не карэкцыі падатку на беспрацоўя, а сыходу Лукашэнкі патрабуюць ранейшыя прыхільнікі ўлады. Так што варта задумацца, хто насамрэч разгойдвае стабільнасць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum