Крок за крокам: што рабіць, калі ўцёк хатні гадаванец?


Уцёк сабака? Знікла котка? Што рабіць, дзе шукаць? У пошуках можа дапамагчы не толькі папяровая абвестка і сацыяльныя сеткі, але і адмысловы сэрвіс 115.бел, які перадае інфармацыю на «Фаўну гораду».

Дзяніс – уладальнік сабакі пароды бігль на мянушку Міля. Не так даўно Міля збегла ад гаспадара ў раёне вуліцы Платонава ў Менску.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«У сяброў быў на сэрвісе. Мы там часта бываем з Міляй, таму тэрыторыя нам знаёмая. І вось я асмеліўся спусціць яе на пару хвілінаў літаральна. Хтосьці на вуліцы ці то феерверк узрываў, ці то петарду. У сабакі штосьці кліманула, і ён проста развярнуўся і пабег», – распавядае гаспадар сабакі Дзяніс.

Пра здарэнне Дзяніс неадкладна паведаміў у сацыяльных сетках. Інфармацыю хутка падхапілі ягоныя падпісчыкі. І яна трапіла ў тэматычныя валанцёрскія суполкі пошуку жывёлінаў. Дзякуючы аператыўнаму рэагаванню людзей на наступны дзень Міля была ўдома.

«Упэўнены на 99 адсоткаў, што сацыяльныя сеткі, сторыз і рэпосты масавыя, бо ўва ўсіх у стужках была гэта гісторыя, паспрыялі таму, што сабаку знайшлі меней, чым за содні. А іначай не зразумела, як шукаць. А сацсеткі цяпер працуюць хутчэй за нашыя органы. Гэта крута», – кажа Дзяніс.

Цяпер інфармацыю пра згубленых і знойдзеных гадаванцаў можна паведаміць і на сэрвіс 115.бел. Звесткі перадаюцца дзяржаўнаму прадпрыемству «Фаўна гораду», дзе з іх ствараюць базы звестак на сайце арганізацыі. Інфармацыя захоўваецца цягам месяца.

У гэткай ініцыятывы ёсць крытыкі, якія лічаць, што адкрытая інфармацыя пра месцаперабыванне жывёлінаў можа пагражаць іхнаму жыццю. Але шмат хто прытрымліваецца іншага пункту гледжання.

«Цяпер на «Фаўне» скарачаецца колькасць аўтамабіляў, колькасць лоўчых. Калі раней па заяве ЖКГ «Фаўна» выязджала два разы на месяц, то на сённяшні дзень скарочана да аднаго разу на месяц. «Фаўна» не зацікаўленая ні маральна, ні фінансава ў папаўненні колькасці жывёлінаў у сябе», – тлумачыць зоаваланцёрка Анжаліка Кірута.

Пазітыўна на з’яўленне такога сэрвісу глядзяць зоаабаронцы. У выпадку ўцёкаў гадаванца разлічваць на хуткі пошук не даводзіцца праз адсутнасць адзінай базы звестак пра хатніх жывёлінаў. Дапамагчы можа распаўсюд інфармацыі.

«У гаспадароў, ва ўладальнікаў сабак зʼявілася дадатковая магчымасць знайсці свайго гадаванца. Прычым зрабіць гэта цэнтралізавана. У нас вельмі шмат пляцовак у інтэрнэце ёсць, што гэтую інфармацыю акамулююць, але не было цэнтралізаванай пляцоўкі. Цяпер жа, калі гэта цэнтралізавана, яшчэ і звязана са службамі адлову, то шанцы павышаюцца ў некалькі разоў», – зазначае дырэктарка цэнтру «Анімалекс» Анастасія Жаўрыд.

На прадпрыемстве «Фаўна гораду» даць каментар пра тое, як будзе працаваць сэрвіс, нам пагадзіліся толькі праз афіцыйны зварот, адказ на які заканадаўча магчыма чакаць да месяца.

Калі раптам ваш хатні гадаванец уцёк – не адчайвайцеся. Як мага хутчэй распаўсюдзьце інфармацыю пра гэта па ўсіх магчымых сацыяльных каналах. Прысвяціце час для штодзённага патрулявання раёну, дзе згубіўся сабака або кот. Падключыце да пошукаў родных і сяброў. Прыблізна такі ж сцэнар дзеянняў у выпадку, калі вы знайшлі чужога гадаванца. Галоўнае – не пакідайце жывёліну ў бядзе: існуе вялікая імавернасць, што яе шукаюць і чакаюць.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu