Крэмль змагаецца з тэрарызмам праплочанымі мітынгамі


Ясна адно: тэракт здзейсніў смяротнік-адзіночка

Следчы камітэт Расеі назваў імя меркаванага злачынца. Дакладна вядома, дзе жыў Акбаржон Джалілаў, які здзейсніў, паводле звестак следства, выбух у вагоне метро. У ягоным жытле ўжо зрабілі ператрус. Камеры вонкавага назірання зафіксавалі выхад падазраванага з дому – з торбаю ды заплечнікам.

Торбу з бомбаю Джалілаў пакінуў на станцыі «Плошча паўстання»

Прылада была зробленая з аўтамабільнага вогнетушыльніка. Скотчам да яго былі прыматаныя шарыкі ад падшыпніка. Следства можа абвінаваціць у халатнасці службу бяспекі метро, якая не заўважыла падазронага прадмета.

Другая бомба, вагою прыкладна 300 грамаў, была ў заплечніку Джалілава

Выбух у вагоне адарваў хлопцу галаву. Пакуль незразумела, падарваў Джалілаў бомбу сам, ці прылада здэтанавала выпадкова.

«Вельмі страшна стала ездзіць пасля ўсіх гэтых падзеяў. Едзеш, азіраешся на ўсіх, глядзіш на замежных грамадзянаў, на іхныя торбы на ўсе, і адразу ж – страх. Хочацца выйсці з метро і пайсці проста пешшу дадому», – кажа адзін з жыхароў гораду на Ніве.

Праз пару дзён да тэракту Джалілаву споўнілася 22 гады

Этнічны ўзбек, нарадзіўся ў Кыргызстане. У Расею прыехаў разам з бацькам. Атрымаў грамадзянства. Працаваў у аўтасэрвісе і сушы-бары. На ягоных старонках у сацыяльных сетках – фатаграфіі з сябрамі ў забаўляльных установах і падчас прагулак. Маці з малодшым братам Джалілава засталася на радзіме. Сёння яна прыляцела на апазнанне. У віну сына не верыць.

Акбаржон рэгулярна наведваў мячэць

Дзядзька Джалілава кажа, што хлопец не выказваў экстрэмісцкіх поглядаў. Калегі меркаванага тэрарыста кажуць, што ён быў адэкватным, па-майстэрску ляпіў сушы і не чытаў намазу, а іншыя знаёмыя падкрэсліваюць, што Джалілаў займаўся спортам і не выяўляў аніякіх радыкальных схільнасцяў. Суседзі вельмі добра адгукаюцца пра сямʼю Акбаржона.

Жывучы ў Расеі, малады чалавек некалькі разоў мяняў пашпарт

Следства правярае ягоныя магчымыя сувязі з сірыйскімі баевікамі. Акурат сёння ў Пецярбурзе затрымалі шасцярых выхадцаў з рэспублік Сярэдняй Азіі. Падазраецца, што з лістапада 2015 года яны вербавалі сваіх суайчыннікаў для здзяйснення тэрактаў.

Працягваюць паступаць і ананімныя паведамленні аб нібыта закладзеных выбухоўках у піцерскім метро. Крэмль жа збіраецца адказаць на пагрозы масавымі мітынгамі супраць тэрарызму ў рэгіёнах краіны. Удзельнікаў мітынгаў набіраюць праз інтэрнэт. За ўдзел абяцаюць 400 расейскіх рублёў.

Маша Макарава, «Белсат», фота: yuga.ru