Крэмль правакуе Лукашэнку ці Лукашэнка Крэмль?


Не 30, а амаль дзвесце расейскіх наймітаў праніклі ў Беларусь – заявілі сёння ўлады нашай краіны. Крэмль рыхтуе пераварот, ці Лукашэнка адцягвае ўвагу грамадзянаў перад выбарамі? У экспертаў і простых беларусаў адказ шукаў Аляксандр Папко.

Пад Псковам і Невелем да перакідвання ў Беларусь рыхтуюцца дзве групы баевікоў расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў. А найміты, затрыманыя напярэдадні ў Менску, – далёка не ўсе з тых, хто прыбыў у краіну. Пра гэта паведаміў кіраўнік Савету бяспекі Беларусі.

«Да двухсот застаюцца на нашай тэрыторыі, паводле аператыўнай інфармацыі. Ідзе пошук. Бо гэта як іголка ў стозе сена», – заявіў Андрэй Раўкоў.

Каб паведаміць пра іголку з суседняй краіны, у Цэнтрвыбаркам запрасілі кандыдатаў у прэзідэнты. Андрэй Раўкоў папярэдзіў, што ўсе перадвыбарчыя сустрэчы пройдуць пры ўзмоцненых захадах бяспекі.

«Будуць устаноўленыя металашукальнікі, будзе ўстаноўленае ачапленне, усё для таго, каб людзі, якія прыходзяць да нас на пікеты, адчувалі сябе больш бяспечна», – паведаміла пасля сустрэчы кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

«Падрыхтоўка да масавых закалотаў» – у гэтым улады Беларусі вінавацяць мужа кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. У гэтым Следчы камітэт падазрае і затрыманых расейцаў. Штурм санаторыя «Беларусачка», дзе спыніліся меркаваныя найміты, паказала напярэдадні дзяржаўнае тэлебачанне. Канал «Беларусь 1» агучыў іхныя імёны. Супрацоўнікі прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра прыбылі з мэтай «дэстабілізаваць сітуацыю падчас выбараў» – запэўніваюць дзяржаўныя медыі. А ці вераць у гэта беларусы?

«Хлусня самая сапраўдная! Перакананы на 100 адсоткаў!»

«Цяпер усё робіцца, каб людзей запалохаць і абвінаваціць у нейкіх змовах: еўрапейскіх, амерыканскіх. А людзі хочуць нешта памяняць – вось і ўсё!»

«Я думаю, што на сённяшні дзень абсалютна ўсё можа быць», – кажуць жыхары Менску.

Затрыманыя ў Беларусі могуць быць супрацоўнікамі прыватнага ахоўнага прадпрыемства, але пунктам іх прызначэння быў не Менск, а трэцяя краіна, – заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі. Калі гэта праўда, то Аляксандр Лукашэнка наўмысна перашкодзіў перакідванню расейскіх наймітаў на Усход.

«Тое, што адбылося, мовай піцерскіх падворкаў можна назваць «падставай». І падстава вельмі цынічная, якую Пуцін так проста не пакіне, бо гэта будзе дрэнным прыкладам для іншых постсавецкіх кіраўнікоў. Таму рэакцыя Расеі будзе. Яна будзе жорсткай, але адказ будзе не цяпер», – прагназуе аналітык Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Крэмль не валодае інфармацыяй пра супрацьпраўную дзейнасць затрыманых у Менску расейцаў – каротка пракаментаваў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Украінскі аналітык Віталь Портнікаў не выключае, што Крэмль насамрэч планаваў правакацыю.

«Падштурхнуць улады да сілавога разгону пратэстаў або самім зладзіць такі разгон, нават калі няма рашэння ўлады. Замяніць сабой беларускіх сілавікоў, каб праліць кроў. Гэта магчымы варыянт. Менавіта так Масква дзейнічала на Майдане», – прыгадаў украінскі эксперт.

Беларускія эксперты лічаць, што затрыманне меркаваных наймітаў дае Лукашэнку магчымасць забіць трох зайцоў: абмежаваць пратэсты апазіцыі, пазбегнуць крытыкі Захаду і шантажаваць Крэмль.

«Самы вялікі выклік для Расеі – тое, што назвалі імёны, паказалі пашпарты і прыцягнулі да супрацы або дыялогу Украіну. […] Там ёсць, з аднаго боку, грамадзяне Украіны з украінскімі пашпартамі, а таксама грамадзяне Украіны, якія атрымалі расейскія пашпарты, але не адмовіліся ад украінскага грамадзянства», – тлумачыць аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Служба бяспекі Украіны прапанавала экстрадаваць меркаваных наймітаў у Кіеў. Памежная служба Беларусі заявіла, што ўзмацняе мяжу з Расеяй, а таксама Украінай – паводле дамоўленасці з Кіевам і з мэтай «недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў абедзвюх краінах».

Аляксандр Папко, «Белсат»