Аб'ектыў 28.05.2018 Крэмль: Польшча стане адной з галоўных цэляў расейскіх ракетаў


Польшча прапаноўвае ЗША размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую бранятанкавую дывізію і гатовая вылучыць на гэтыя мэты да 2 мільярдаў долараў. Так вынікае з дакументу, апублікаванага польскімі СМІ. Калі ідэя Варшавы будзе рэалізаваная, Польшча стане адной з галоўных цэляў расейскіх ракетаў – заявілі ў Крамлі.

15–20 тысяч салдатаў – такая колькасць асабістага складу амерыканскай дывізіі. Дакумент, які прапаноўвае перамовы аб размяшчэнні ў Польшчы на сталай аснове амерыканскага бранятанкавага злучэння, польскае Мінабароны выслала ў Вашынгтон у лістападзе.

Амерыканскую ваенную базу прапаноўваюць разгарнуць у цэнтры краіны – у гарадах Быдгашч і Торунь. У дакуменце падрабязна апісаная інфраструктура, якую плануюць стварыць: казармы, лётнішчы і нават школы ды шпіталі.

«Польскі ўрад, імкнучыся размясціць у сябе амерыканскую бранятанкавую дывізію, жадае ўзмацніць сваю бяспеку, а таксама бяспеку сваіх суседзяў у сувязі з пагрозаю з боку Расейскай Федэрацыі», – кажа аналітык парталу defence24.pl Павэл Флейшэр.

Сталая прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў неабходная для абароны сувальскага калідору – гэта стакіламетровы пярэсмык, заняўшы які, Расея можа аддзяліць краіны Балтыі ад астатніх чальцоў NATO.

У Маскве на планы Варшавы адрэагавалі хутка і негатыўна.

«Размяшчэнне сталай базы NATO робіць Польшчу адной з галоўных мішэняў у выпадку магчымага канфлікту. Размяшчаючы базу, Польшча становіцца аб’ектам удару ў адказ», – заявіў Уладзімір Джабараў камітэту міжнародных справаў Савету Фэдэрацыі.

Дакумент, апублікаваны ў сеціве, – толькі прапанова Варшавы. Перспектывы размяшчэння ў Польшчы цэлай амерыканскай дывізіі вельмі слабыя, каментуюць эксперты.

«Сталае размяшчэнне – гэта змена стратэгіі, адмова ад Хартыі. Тое, што Польшчы хочацца, з гэтага не вынікае, што так і будзе», – тлумачыць незалежны вайсковы аглядальнік Павел Фельгенгаўэр.

Анексаваўшы Крым, пачаўшы вайну на Данбасе і развіваючы вайсковую інфраструктуру ва Усходняй Еўропе, Расея парушыла Асноватворны акт Расея – NATO і развязала рукі для размяшчэння амерыканскіх войскаў – лічаць у Міністэрстве абароны Польшчы.

«Робячы ўсё больш варожыя крокі ў дачыненні краінаў NATO у перыяд пасля падпісання Асноватворнага акту, Расея адназначна стварыла новы геапалітычны статус-кво, які больш не адпавядае таму становішчу ў сферы бяспекі, якое існавала ў 1997 годзе», – гаворыцца ў дакуменце.

Цяпер у Польшчы на ратацыйнай аснове застаюцца каля 5 тысяч жаўнераў ЗША, Румыніі, Вялікай Брытаніі ды Харватыі.

Перспектывы размяшчэння цэлай бранятанкавай дывізіі туманныя, але ёсць шанцы таго, што ў Польшчы на сталай аснове размесцяцца чатыры з паловаю тысячы амерыканскіх салдатаў.

«На мінулым тыдні Дэпартамент абароны ЗША выслаў кангрэсменам ліст, які датычыць бюджэту ЗША на будучы год. У ім разглядаецца магчымасць размясціць у Еўропе на сталай аснове брыгады ЗША», – адзначае аналітык defence24.pl Павэл Флейшэр.

Эксперты сцвярджаюць, што Расея можа выкарыстаць намеры Польшчы ў сваіх мэтах. Напрыклад, націснуць на Беларусь, каб тая пагадзілася размясціць у сябе расейскія войскі. Маўляў, для вашай жа бяспекі.

Аляксандар Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары