Крэмль не збіраецца саступаць у эканамічнай бітве з Беларуссю


Урадавая дэлегацыя на чале з віцэ-прэмʼерам Уладзімірам Сямашкам чарговы раз спрабуе ў Маскве дамовіцца з расейскім бокам па нафта-газавым пытанні. Але пакуль безвынікова. Тым часам вайна нерваў толькі абвастраецца: Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца падпісаць новы Мытны кодэкс Еўразійскай камісіі.

Харчовая вайна Менску і Масквы набірае абароты. Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 20 тонн ялавічыны «Пінскага мясакамбінату», прычына – падазрэнне ў тым, што мяса не беларускага, а украінскага паходжання. 6 лютага набыла моц забарона на пастаўкі ў Расею ялавічыны з прадпрыемстваў Менскай вобласці. Падобныя забароны нервуюць афіцыйны Менск. Кіраўнік Беларусі тыдзень таму запатрабаваў завесці крымінальную справу ў дачыненні дырэктара Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

Міністэрства унутраных справаў праводзіць праверку па ўмоўнай «справе Данкверта»

Але, як напярэдадні ў размове з «Белсатам» зазначыў прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук, гэта наўрад ці прынясе Менску нейкую карысць.

«Калі раней гэты прымітыўны шантаж спрацоўваў, то відавочна, што цяпер ён не працуе і ўсё, што ў дадзеным выпадку можа адбывацца, гэта яшчэ большае пагаршэнне адносінаў і ўмоваў для экспарту беларускай прадукцыі ў Расею», – запэўніў прафсаюзны лідар.

Харчовая баталія развіваецца на фоне іншых

Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь і чакае аплаты доўгу за газ, беларускі ж бок лічыць расейскія кошты завышанымі і пералічваць грошы не спяшаецца. У той жа час Расея ўводзіць памежную зону – гэтае рашэнне беларускі МЗС ацэньвае як «разыходжанне з базавымі прынцыпамі двухбаковых пагадненняў».

Эксперты расцэньваюць крок як недвухсэнсоўны сігнал Менску

На думку Аляксандра Ярашука, Расея паказвае, што саступаць яна не збіраецца. І пакуль перадумоваў таго, каб справа зрушылася з мёртвай кропкі няма: сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, папярэдне запланаваная на 9 лютага, не адбылася – кіраўнік Беларусі не паехаў у Маскву, спасылаючыся на несупадзенне ягонага працоўнага графіка з графікам прэзідэнта Расеі.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Vladimir Gorovykh / TASS / Forum