Крэмль навязвае Беларусі падатковы кодэкс


Масква і Менск нібыта дамовіліся пра кампенсацыю падатковага манеўру – паведаміў расейскі партал РБК са спасылкаю на крыніцы ва ўрадзе. Міністэрства фінансаў Беларусі зняпраўджвае гэтую інфармацыю: перамовы аб падатковым нафтавым манеўры працягваюцца. Галоўная падзея – Расея прапаноўвае Беларусі перайсці на сваю падатковую сістэму.

Уніфікуеце Падатковы кодэкс – атрымаеце кампенсацыю за падатковы манеўр. Каб пакрыць страты ад падаражэння расейскага паліва, Крэмль дасць беларускім нафтаперапрацоўчым заводам «зваротны акцыз» на нафту – піша расейскі партал РБК са спасылкаю на ананімныя крыніцы.

«Зваротны акцыз – гэта, па сутнасці, датацыя з расейскага бюджэту, калі прадпрыемства плоціць, а затым яму вяртаюць нейкую суму», – тлумачыць кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Расейскі бюджэт можа вяртаць беларускім нафтаперапрацоўчым заводам каля паўтара мільярда долараў штогод – заяўляе расейскае выданне. Падобныя датацыі Крэмль ужо дае сваім НПЗ, каб злагодзіць наступствы падатковага манеўру. У чым яго сэнс?

Цану на нафту на ўнутраным рынку расейскі ўрад утрымлівае на чвэрць ніжэйшай за сусветную. Калі фірма прадае чорнае золата або бензін за мяжу, яна павінна плаціць у расейскі бюджэт экспартнае мыта. Розніца ў цэнах матывуе экспарцёраў займацца кантрабандай. Таму экспартнае мыта Крэмль на працягу пяці гадоў скасуе, цану павысіць, а грошы ў бюджэт будзе збіраць праз падатак на здабычу карысных выкапняў.

Беларусь купляе нафту па ўнутрырасейскіх цэнах. Паводле канцэрну «Белнафтахім», страты ад падаражэння нафты да 2024 года складуць амаль шэсць мільярдаў долараў.

«Пасля выпрацоўкі і продажу нафтапрадуктаў маржа будзе зусім маленькая. І не факт, што гэта будзе ўвогуле прыбыткова і рэнтабельна», – асцерагаецца палітолаг Валер Карбалевіч.

Эканамічныя праблемы нашых НПЗ прывядуць да страты трох адсоткаў валавога ўнутранага прадукту – зазначае Валер Карбалевіч. Аднак калі прыняць умовы Масквы, можна згубіць яшчэ больш.

«Расейскі бок за мільярд долараў хоча купіць значна большую частку нашага суверэнітэту ў выглядзе адзінага Падатковага кодэксу, які можа вельмі дрэнна адбіцца на малым і сярэднім бізнесе, а таксама на ІТ-сектары», – сцвярджае Яраслаў Раманчук.

«Хтосьці зарабляе на здабычы карысных выкапняў, хтосьці – на прамысловасці, хтосьці – на турызме і сельскай гаспадарцы. Таму кожная краіна мае сваю сістэму падаткаабкладання, свае стаўкі падаткаў. Звезці да адзінага паказніка вельмі розныя эканомікі можа быць эканамічна немэтазгодна», – тлумачыць старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Уніфікацыя падаткаабкладання з Расеяй адбудзецца не раней за 2022 год, тады Масква і пачне плаціць кампенсацыю – тыдзень таму прызнаўся амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка. Гэта азначае, што ніякай дамовы насамрэч няма – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

«Апошнім часам з‘явілася новая тэрміналогія. Не ўніфікацыя, а гарманізацыя заканадаўства – кажа беларускі бок. Гэта азначае ўнясенне нейкіх касметычных зменаў, якое аб’явяць уніфікацыяй», – мяркуе эксперт.

Развязаць усе пытанні аб паглыбленні інтэграцыі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абяцалі 7 снежня. Не атрымалася: няўзгодненымі засталіся 8 дарожных мапаў з 31. Наступная сустрэча – паслязаўтра.

Аляксандр Папко belsat.eu