Аб'ектыў 28.07.2018 Крэмль крывадушнічае, калі кажа пра роўныя ўмовы ў ЕАЭС


Нафтагазавыя войны – ужо частка расейска-беларускага жыцця. Магчыма, хутка баталіі спыняцца. Бо мае паўстаць адзіны рынак, у тым ліку – энергетычны.

«Мы павінныя забяспечыць для бізнесу недыскрымінацыйныя і празрыстыя ўмовы, агулам неабходна правесці дадатковую працу ў зняцці перашкодаў, якія замінаюць стварэнню агульных рынкаў ЕАЭС», – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў, прэм’ер-міністр Расеі.

Гэтак было на паседжанні Еўразійскага міжурадавага савету ў Пецярбурзе. І нібыта супраца, і нібыта разам, але супольны рынак мае паўстаць толькі да 2024 года.

«Перашкоды на шляху стварэння агульнага рынку нафты і газу чыніць перадусім расейскі ўрад, бо ён хоча захоўваць магчымасць двухбаковага маніпулявання коштамі на газ і на нафту, каб дамагацца эканамічных і геапалітычных саступак з боку Беларусі», – мяркуе эканаміст Станіслаў Івашкевіч.

Таму цяжка паверыць, што Крэмль адмовіцца ад галоўнага рычага ціску. А Беларусь атрымае дадатковыя энергетычныя субсідыі за таннейшыя расейскія нафту і газ.

«Ці можна паказаць хоць адзін рынак, які функцыянуе ў Еўразійскім эканамічным звязе як транспарэнтны, адкрыты і працуе паводле эканамічнай логікі без умяшання палітыкі. Я не бачу такіх рынкаў. Чаму моцна палітызаваны энергетычны рынак раптам запрацуе так, як ён мусіць запрацаваць у эканамічным абʼяднанні?», – пытаецца Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

А на дадатак супольны рынак ЕАЭС можа стварыць сітуацыю, калі беларускія тавары, маючы роўныя шанцы, пачнуць выцясняць расейскія.

«Засталося ўзгадніць шэраг прынцыповых палажэнняў, якія мы ўжо абмяркоўвалі на ўсіх узроўнях. Пазіцыя Беларусі ў тым, каб стварыць роўныя ўмовы вядзення гаспадарчае дзейнасці для кампаніяў усіх краінаў Еўразійскага эканамічнага саюзу. Гэтага чакаюць нашыя эканамічныя аператары», – кажа беларускі прэмʼер Андрэй Кабякоў.

Афіцыйны Менск чакае, а эканамічная сітуацыя нестабільная. Сусветны банк кажа з непакоем, што вонкавы доўг Беларусі складае больш за 76 %.

«Большасць валавога ўнутранага доўгу прыпадае на дзяржсектар і характарызуецца складанаю і нераўнамернаю структурай абслугоўвання доўгу – пік сплатаў надыходзіць кожныя некалькі гадоў», – гаворыцца ў справаздачы Сусветнага банку.

І ў Крамлі добра разумеюць залежнасць нашае краіны, на якую можна ўсё больш уплываць.

«Ёсць шанцы, што Беларусь не выканае ўсяго таго, што абяцала ў замен на стварэнне газу і нафты, – у выніку Крэмль можа адкласці гэта або нейкім чынам увесці дадатковыя ўмовы», – падкрэслівае эканаміст Станіслаў Івашкевіч.

І тут галоўнае пытанне – якія гэта будуць умовы? І ці Беларусь не апынецца пад сцяною з працягнутаю рукой, а там – незалежнасць?

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары