Крэатыў ад чыноўнікаў: як не пусціць людзей на мітынгі


Бізуном і пернікам. Напярэдадні Дня Волі шэраг заводаў і навучальных установаў вядуць актыўную працу па недапушчэнні ўдзелу сваіх супрацоўнікаў ды студэнтаў у акцыі апазіцыі, запланаванай на суботу. Выкарыстоўваюцца як запалохванні, так і іншыя крэатыўныя метады.

Святочная падрыхтоўка

Адміністрацыя Менскага заводу «Крышталь» узгадала, што праз месяц праваслаўны Вялікдзень. І пастанавіла дадаць да хрысціянскага свята яшчэ і панядзелак, 17 красавіка, каб ачунялі пасля застолля. Толькі вось адпрацаваць гэты выходны трэба заўтра, 25 сакавіка, акурат на Дзень Волі.

Рашэнне было прынятае раптам

Яшчэ сёння раніцай супрацоўнікі «Крышталю» ня ведалі, а каторай гадзіне заўтра прыходзіць на працу. Падобная сітуацыя і на Менскім «Інтэграле». Штопраўда, там – не абавязковы працоўны дзень, а суботнік, прычым не ва ўсіх цэхах.

А вось на Менскім аўтазаводзе субота – вольная

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў адзначаюць, што гэтыя захады былі б лішнія. МАЗ, Трактарны завод, падшыпнікавы ды шэраг іншых, нягледзячы на стратнасць вытворчасці, сёлета яе павялічылі і, адпаведна павялічыліся заробкі. Таму масавага абурэння ў калектывах флагманаў прафсаюзы не назіраюць.

Сярод студэнтаў прафілактычная праца вядзецца больш грунтоўна

Пра пагрозы і папярэджанні паведамляюць студэнты бальшыні менскіх ВНУ, штопраўда, не на ўсіх факультэтах.

Прафсаюзы раптам узгадалі пра Курапаты

Нязвыклай для сябе акцыяй на Дзень волі вызначылася і праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. ФПБ заклікала грамадзянаў прыходзіць заўтра не на святкаванне Дня Волі а 14-й гадзіне да Акадэміі навук, а ў Курапаты – на суботнік.

Станіслаў Івашкевіч, Менск