Згадваем Каліноўскага: як сын шляхціча паказаў сялянам, чаму варта жыць у свабодзе


«Каліноўскі выразна акрэслівае незалежную пазіцыю сваю не толькі ад Масквы, але і ад Варшавы ў сваіх «Лістах», – кажа краязнаўца і грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч. Сёння споўніўся 181 год з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі.

Кастусь Каліноўскі, які ачоліў паўстанне 1863–64 гадоў на беларускіх землях, нарадзіўся 2-га лютага 1838 года.

Праз паўтара стагоддзя пасля паўстання гарадзенцы не забыліся пра свайго выбітнага земляка – Кастуся Каліноўскага.

Вось што сказалі апытаныя намі жыхары Горадні:

«Ён быў правадыром паўстання. Па-другое, ён напісаў знакаміты маніфест у газеце «Мужыцкая праўда».

«Лідар паўстання беларускіх вяскоўцаў, супраць маскоўскіх паноў».

«Гэта рэвалюцыянер, і гэта такое знакамітае імя, гэта такі вялікі чалавек».

Народжаны на колішняй Гарадзеншчыне – у Мастаўлянах, якія цяпер месцяцца на тэрыторыі Польшчы, – сын шляхціча паказаў беларускім сялянам, чаму варта жыць у свабодзе.

«Галоўны доказ таго, што Каліноўскі змагаўся за нашую зямлю, – само яго жыццё і смерць. Пражыўшы 26 гадоў, Каліноўскі за гэты невялікі прамежак жыццёвага часу зрабіў значна больш, чым многія беларусы могуць зрабіць, пражыўшы і 80, і 100 гадоў», – кажа гісторык Васіль Герасімчык, біёграф Каліноўскага.

Каліноўскі адкрыта ваяваў з расейскім прыгнётам, таму ягоную асобу негатыўна ўспрымаюць за нашаю ўсходняю мяжою. Некаторыя гісторыкі, у сваю чаргу, даказваюць, што Каліноўскі – польскі патрыёт, хоць свой маніфест, «Мужыцкую праўду», пісаў па-беларуску і адрасаваў беларусам.

«Каліноўскі выразна акрэслівае незалежную пазіцыю сваю не толькі ад Масквы, але і ад Варшавы ў сваіх «Лістах», у сваіх творах. І пагэтаму проста абсурдна звінавачваць яго ў паланізацыі нейкай, у тым, што ён хацеў беларускія землі далучыць да Польшчы», – кажа краязнаўца, грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч.

Барацьбе за Беларусь Кастусь Каліноўскі ахвяраваў не толькі ўсю сваю дзейнасць, але і жыццё. У сакавіку 1864-га года на загад расейскага генерал-губернатара Мураўёва яго публічна павесілі.

«І сама смерць у той час, калі ў яго было некалькі магчымасцяў выехаць за мяжу, эміграваць і спакойна жыць дзе-небудзь у Парыжы… Ён абраў іншы шлях», – дадае Васіль Герасімчык.

Сёння ў Вільні, дзе быў забіты і пахаваны беларускі герой, як штогод ушанавалі памяць Каліноўскага.

«Для беларусаў гэта асабліва важным робіцца зараз, бо Беларусь і зараз чакаюць выклікі такія ж, якія былі 100 год таму. Ізноўку над Беларуссю вісіць пагроза з боку расейскай імперыі», – распавядае сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая.

У Беларусі імя Кастуся Каліноўскага прысвоенае некалькім вуліцам. Невялікі помнік ёсць толькі ў Свіслачы. Улады недастаткова ўшанавалі Каліноўскага і нават замінаюць рабіць гэта грамадскасці, кажа наш суразмоўца.

«Улады пераследуюць тых грамадскіх актывістаў, якія прыязджаюць у дзень памяці паўстанцаў 1863 года да магілы Віктара Каліноўскага – ідэолага паўстання і брата Кастуся Каліноўскага, да помніку Кастусю Каліноўскаму ў цэнтры гораду Свіслач», – дадае Уладзімір Хільмановіч.

Гарачы каментар
«Каліноўскі – не паляк». Алесь Краўцэвіч адказвае Ігару Марзалюку
2019.01.09 22:06

Годнае месца Кастусь Каліноўскі займеў затое ў незалежным мастацтве. Напрыклад, створаная настольная гульня «Паўстанцы». Са звароту, якім Каліноўскі пачынаў кожны нумар «Мужыцкай праўды», узяў назву гарадзенскі гурт «Дзецюкі».

Ганна Мордань, «Белсат»