Аб'ектыў 27.03.2019 Крамлёўскі «Бессмяротны полк» прайграў у беларускім судзе


Вядомы размахам сваіх шэсцяў і адданы Крамлю «Бессмяротны полк» прайграўся ў судзе супраць Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менгарвыканкаму. Скардзіліся на праблемы з рэгістраваннем аднайменнай арганізацыі ў Беларусі. Брак афіцыйнага статусу замінае сябрам інтэрнацыянальнага аб‘яднання пашырыць сферу ўплыву.

«Течет река бессмертного полка»… спявае Алег Газманаў, які напісаў гэтую, уражаны магутнасцю народнага руху «Бессмяротны полк«. На 70-годзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай Вайне, полк стаўся народнаю часткай параду, які аб’яднаў 12 мільёнаў чалавек.

У Беларусі 9 траўня цячэ ўласная рака пад назваю «Беларусь памятае». Навошта нам чужое, задаваўся пытаннем кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка:

«Чаму мы цяпер мусім кінуць сваё «Беларусь памятае» і схапіцца за «Бессмяротны полк», калі па сваёй сутнасці і нават паводле вонкавага выгляду яны падобныя, аднолькавыя… Чаму мы некаму мусім аддаць гэтае свята?»

Раней у Адміністрацыю прэзідэнта актывісты скардзіліся на галоўнае ўпраўленне юстыцыі Менгарвыканкаму, якое двойчы адмовіла ў рэгістрацыі аб‘яднання «Бессмяротны полк». Сёння такую ж скаргу разглядаў суд. Рашэнне пазоўнік прадбачыў:

«Нам трэба прайсці суд. Але ён адмовіць нам. Вы чулі як на сустрэчы з журналістамі прэзідэнт казаў пра «Бессмяротны полк», – кажа старшыня савету ГА «Бессмяротны полк» Валерый Драка.

«Бессмяротны полк» – гэта шэсце, летась у 90 краінах свету. Гэта збор інфармацыі і партрэтаў продкаў, якія былі на фронце ці працавалі ў тыле падчас вайны, пошукавыя працы, але таксама прага займацца патрыятычным выхаваннем і прапагандаваць інтэрнацыянальную ідэалогію. Дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі:

«Пытанне ў тым хто будзе вызначаць фармат і кантраляваць гэтыя акцыі? На гэты конт сігнал паступіў выразны, што ў Беларусі кантроль над гэтымі акцыямі будзе адбывацца не з Масквы – з Менску».

Летась Менгарвыканкам спачатку адмаўляў у правядзенні шэсця «Бессмяротнага палку» у Дзень Перамогі. У апошні момант перадумалі, і акцыя сабрала каля 5 тысячаў чалавек. Зноў адмовілі ў суботу – у правядзенні пікету ў гонар Дню яднання Беларусі і Расеі! Таго дня беларусы святкавалі Дзень Волі!

«Беларусь увесь час дамагалася атрымання незалежнасці, а тут зноў мы хочам аб’яднацца з некім. Можа гэта не патрэбна?»

«Расея і Беларусь – гэта адно цэлае, таму нельга забараняць. «Бессмяротны полк» ёсць, і Дзень яднання мае быць».

«Сувязі маем гандлёвыя, чалавечыя, але ўсё зводзіць у палітыку… Навошта аб’ядноўвацца з імі? Я сама руская. Але я б не хацела каб беларусы аб’ядналіся з Расеяй у адзіную прастору», – кажуць жыхары Менску.

Адмоваў крамлёўскі «полк» не прымае! Леанід Школьнікаў, ГА «За Саюз і камуністычную партыю Саюзу»:

«Мы будзем ісці да канца, бо мы не хочам, каб у Рэспубліцы Беларусь паўтарылася тое, што ў Прыбалтыцы. Не хочам, каб паўтарылася тое, што ва Украіне. Мы за суверэнную Рэспубліку Беларусь у саюзе з брацкімі народамі на тэрыторыі Савецкага Саюзу».

Геаграфію ўплыву Масква старанна пашырае, карыстаючыся з новых магчымасцяў інфармацыйнага грамадства і праз дэлегаванне, кажа аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў:

«Расейская амбасада праз Федэральнае агенцтва «Россотрудничество» дапамагае розным экспертным цэнтрам, розным сайтам і палітолагам, якія ёсць у Беларусі».

Менску даводзіцца займаць абаронную пазіцыю і рэагаваць толькі ў выпадках, калі медыі ці аб’яднанні моцна перагінаюць палку.

«Адрынуць савецкую мінуўшчыну і адрынуць так званае інтэграцыйнае сяброўства з Расеяй улада на сённяшні момант пакуль не можа. Гэта не прынясе ніякіх дывідэндаў», – гаворыць Віталь Цыганкоў.

Таму калі стаіць пытанне эканамічнай выгады, як напярэдадні ў газавым пытанні, кіраўнік Беларусі пра адзіную гісторыю ўзгадвае першым.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары