«Краіна становіцца ядравай дзяржавай». У Беларусі запусцілі АЭС для Лукашэнкі


Астравецкую атамную электрастанцыю запусцілі – цяпер афіцыйна. Лукашэнка асабіста хацеў зрабіць гэта ў савецкае свята 7-га лістапада. І цяпер ён разам з «Росатамам» абмяркоўвае будаўніцтва новых рэактараў а таксама і новых АЭС у Беларусі!

Артыкул 18 Канстытуцыі – Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю дзяржаву нейтральнай, а тэрыторыю – бяз‘ядравай зонай. Ядравымі дзяржавамі ў міжнароднай палітыцы называюць краіны з ядравай зброяй.

«Гістарычны момант. Краіна становіцца ядравай дзяржавай», – заявіў сёння ў Астраўцы Лукашэнка.

Пазней прэс-служба Лукашэнкі ўдакладніла гэтыя словы: меўся на ўвазе мірны атам. Сёння ў Астраўцы падчас афіцыйнага пуску АЭС Лукашэнка чырвонай кнопкі не націскаў, а толькі даваў персаналу каманду «павялічыць магутнасць».

«Мы на гэты момант знаходзімся на магутнасці каля 40 %, 37-38 %. Электрычная магутнасць, выдача электрычнасці ў сетку складае каля 360-370 МВТ», – паведаміў галоўны інжынер Астравецкай АЭС Алег Высоцкі.

Аляксандр Лукашэнка абяцае, што першы энергаблок Астравецкай АЭС пакрые 20 адсоткаў патрэбы Беларусі ў электрычнасці. Праз пару гадоў магутнасці падвоіць другі энергаблок, а каб было куды падзець энергію, на электрычнасць перавядуць амаль усё ацяпленне жылых дамоў. Адна з заяўленых мэтаў пабудовы АЭС – энергетычная незалежнасць ад расейскага газу і нафты. Праўда, рэактары ў Астраўцы пабудаваныя толькі пад расейскія паліўныя элементы.

«Якая розніца, ці ў «Росатаме» вы будзеце клянчыць нейкія рэчы, ці ў «Газпраме», ці «Роснафце». І так, і так – усім кіруе Крэмль», – падкрэслівае кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Электрычнасць для грамадзянаў таннейшай не стане, кажа эканаміст:

«У ГЭС у Беларусі сабекошт вытворчасці электрычнасці – 2,5-3 цэнты за Квт.г. Імпартная – 4 цэнты. Калі кажам пра газ, то 5-6 цэнтаў. Таму, калі мы робім нейкі аб‘ект энергагенерацыі, што там будзе сабекошт 8,5 цэнтаў, то кожнаму школьніку будзе ясна, што гэта немэтазгодна».

Для грамадзянаў і прадпрыемстваў фінальны кошт будзе 10–15 цэнтаў за кілават-гадзіну, прагназуе Яраслаў Раманчук. А расейскі крэдыт на АЭС будзе выплачваць усё насельніцтва.

Украіна і Польшча набываць беларускай электрычнасці не плануюць, а краіны Балтыі дамовіліся забараніць закупку энергіі з Беларусі, бо патэнцыйна небяспечная Астравецкая АЭС стаіць усяго за 50 кіламетраў ад сталіцы Літвы.

Але сёння Лукашэнка заявіў, што суседзі проста зайздросцяць, бо адстаюць ад нас на 10 гадоў.

АЭС афіцыйна запусцілі ў разгар пандэміі каронавіруса і ў палітычны крызіс, калі шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў з‘язджае за мяжу ад рэпрэсіяў.

«Гэта выключна палітычныя жэсты, якія будуць каштаваць нашай краіне дадатковых выдаткаў і дадатковых рызыкаў з пункту гледжання радыяцыйнай бяспекі», – кажа Ірына Сухій, чалец праўлення грамадскага аб’яднання «Экадом».

Падчас пабудовы станцыі расейскія адмыслоўцы скінулі з вышыні корпус рэактара, корпус на замену – ударылі аб слуп, былі ўзгаранні і абвал канструкцыяў з прычыны няякаснага бетону. На будоўлі гінулі рабочыя, птушкі ляталі пад купалам АЭС падчас загрузкі ядравага паліва – і ўсё гэта ў атмасферы дзяржаўнай сакрэтнасці.

«Мы ўсе памятаем, да чаго прывяло замоўчванне Чарнобыльскай аварыі – тысячы людзей хварэлі, паміралі. І цяпер мы бачым тую самую мадэль. Я перакананая, што калі штосьці здарыцца, мы пра гэта даведаемся апошнімі», – мяркуе Ірына Сухій.

Супраць рызыкоўнага запуску Астравецкай АЭС сёння выступілі апазіцыйныя палітыкі Беларусі, у тым ліку Святлана Ціханоўская – удзельніца прэзідэнцкіх выбараў, якую ў Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».