Крах і поспех пад Асіповічамі: які лёс чакае шклозавод «Ялізава»?


Найбуйнейшы шклозавод Беларусі «Ялізава» трапіў у крэдыторскую яму і абвесціў сябе банкрутам – і шукае пакупніка, каб выплаціць пазыку ў трыццаць мільёнаў долараў у эквіваленце. З прыходам новага кіраўніка справы пайшлі на лад, але ці знойдзецца ахвотны, каб укласці столькі грошай у прадпрыемства?

Прадпрыемства-банкрут, што выйшла на рэнтабельную вытворчасць і другі месяц запар выконвае загад Лукашэнкі пра заробак «па пяцьсот» – аксюмаран, які пераўтварыўся ў рэальнасць у гарадку пад Асіповічамі. Шклозавод «Ялізава», што месціцца ў аднайменным пасёлку, існуе ўжо сто тры гады і завецца «горадаўтваральным», у кожнай сямʼі хоць нехта ды працуе на гэтым прадпрыемстве. Аднак летась завод афіцыйна абвесцілі банкрутам – у яго назбіралася крэдытаў на 589 мільярдаў недэнамінаваных рублёў (каля 30-ці мільёнаў долараў).

«Так склалася, што і ў 2008 годзе ўпаў долар, і дзесьці нарасцілі запазычанасці па крэдытах – ну, дзесьці можа былі і абʼектыўныя прычыны эканамічнай неплацёжаздольнасці. То бок нарасцілі крэдыторскую запазычанасць», – кажа антыкрызісны кіраўнік шклозаводу «Ялізава» Мікалай Шаўкуноў.

Але з прыходам новага антыкрызіснага кіраўніка завод не проста ўзняўся з каленяў, а яшчэ і выйшаў у шасці мільярдны прыбытак, запусціў новы цэх і прыняў на працу 130 чалавек, а сярэдні заробак падвысілі да дзевяцісот пяцідзесяці рублёў.

Аднак каб разабрацца з пазыкамі, якія прадпрыемства ўзяло збольшага ў «Беларусбанку», гэтых грошай не хопіць, таму завод вырашылі прадаваць. Яго выстаўлялі на гандляванні сем разоў і нават знайшлі пакупніка – беларускую фірму, што займаецца ў тым ліку распаўсюдам шкла. Але ў апошнюю хвіліну купляць завод адмовіліся – бо апроч 15-ці мільёнаў, за якія прадаецца прадпрыемства, новы ўладальнік будзе вымушаны ўкласці грошы ў мадэрнізацыю.

«Праз 2 гады спатрэбіцца рамонт печкі халоднай, па бухгалтарскай справаздачы мінулага рамонту ён каштаваў 3,8 млн долараў, праз год пасля рамонту гэтага цэха – рамонт наступнага, гэта, фактычна, 8 мільёнаў», – кажа кіроўны дырэктар шклозаводу «Ялізава» Вадзім Сянкевіч.

Патэнцыйны пакупнік прапаноўвае знізіць кошт на 30 адсоткаў, але кіраўніцтва пакуль вагаецца. Сярод краінаў СНД шклозавод «Ялізава» – адзіны, што мае ўсе стандарты, каб прадаваць прадукцыю ў Еўропу, чвэрць вырабаў ужо экспартуюць за мяжу. Кіраўнікі спадзяюцца, што прадпрыемства акажацца ў руках дасведчанага і надзейнага прыватніка.

«Стагоддзі – склалася гісторыя гэтага заводу, гэтага пасёлку, будзе вельмі няправільна калі мы прыпынім гэтае прадпрыемства, яно можа працаваць, і мала таго – яно будзе працаваць», – адзначае Шаўкуноў.

Шклозавод «Ялізава» – беларуска-аўстрыйскае прадпрыемства, 65 адсоткаў акцый якога належаць аўстрыйскай кампаніі «Фатон», а астатнія – Дзяржаўнаму камітэту маёмасці. Да мінулага года прадпрыемства кантраляваў беларускі бізнесовец Аляксандр Мураўёў, якога летась асудзілі ў справе «Мотавела».

 

Настасся Храловіч, belsat.eu; фота – TUT.by