Кожны шосты электронны зварот да чыноўнікаў застаецца без адказу


Паводле заснавальніка Petitions.by, больш за палову зваротаў – паспяховыя: патрабаванні або задаволілі часткова, або паабяцалі выканаць. Ілюстратыўны здымак – Taisiya Vorontsova/TASS/Forum

15 % электронных зваротаў застаюцца без адказаў, а Адміністрацыя кіраўніка краіны найчасцей адсылае адрасата па іншым адрасе. Каму пісаць і як пісаць, каб вас пачулі, распавядае Наста Кахановіч.

«Улица названа в честь народного поэта Белоруссии». Шыльда з такім надпісам вісіць у Менску на вуліцы Куляшова. Недарэчная назва краіны абурыла беларусаў, і яны склалі петыцыю на адпаведным сайце Petitions.by. Цяпер пад ёй – крыху больш за 90 подпісаў.

Відэаюжэт глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 верасня

На гэтай папулярнай платформе для збору подпісаў зарэгістраваліся ўжо амаль 308 000 карыстальнікаў. За няпоўныя пяць гадоў яны стварылі тут больш за 2200 петыцыяў.

Аўтар двух дзясяткаў з іх – актывіст Менскага роварнага таварыства Павел Гарбуноў.

«У праекце новых правілаў перавозкі ровараў у грамадскім транспарце ровары зусім было б забаронена перавозіць. І гэта такая ўжо больш грамадская петыцыя, якая хвалюе шмат людзей, шмат хто яе падпісаў, і таму яна была паспяховая», – кажа старшыня ўправы Менскага Роварнага таварыства.

Паводле заснавальніка сайту, больш за 60 % петыцыяў можна лічыць паспяховымі: патрабаванні або задаволілі часткова, або паабяцалі выканаць. Але шмат якім карыстальнікам усё яшчэ бракуе разумення, як правільна складаць звароты.

«Людзі часцей за ўсё пішуць у Адміністрацыю прэзідэнта ў надзеі на тое, што прэзідэнт прачытае і вырашыць праблему. Але гэта памылковыя надзеі. У 99 % выпадкаў Адміністрацыя прэзідэнта проста перашле гэты ліст у мясцовы выканкам, і сэнсу ў гэтым ніякага няма. Праблему трэба вырашаць з самага нізкага ўзроўню», – кажа Ўладзімір Кавалкін, стваральнік Petitions.by

Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa прэзентавала даследаванне пра электронныя звароты ў кантэксце правоў чалавека. Паводле адмыслоўцаў, 15 % усіх зваротаў за 2017 і 2018 год засталіся без адказу, а гэта – парушэнне заканадаўства.

Hавiны
У інтэрнэце з’явілася петыцыя, дзе Ілана Маска запрашаюць у Шклоў
2019.09.04 18:40

Большасць аўтараў зваротаў – мужчыны. А траціна петыцыяў датычыць Менску. Больш за палову зваротаў можна акрэсліць як праваабарончыя.

«Мы лічылі, што людзі не выкарыстоўваюць словаўтварэнне «правы чалавека» ў петыцыі, бо або баяцца, або не ведаюць. Але аказалася – не: тэрмін адказу на такія петыцыі і задаволенасць рэспандэнтаў адказамі на іх – прыблізна аднолькавыя», – кажа кіраўніца Sympa Наталля Рабава.

Днямі Petitions.by апынуўся пад увагаю медыяў яшчэ праз тое, што ў суд на сайт падало кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорту «Менск». Прэтэнзіі былі звязаныя з петыцыяй, аўтары якой патрабавалі зняць абмежаванне на колькасць бясплатных заездаў да ўваходу ў будынак аэрапорту для легальных перавознікаў. Паводле юрыстаў аэрапорту, у петыцыі была непраўдзівая інфармацыя, і яе патрабавалі зняць. Суд пазоў адхіліў.

Наста Кахановіч, «Белсат»