Кожны дзень рак грудзі знаходзяць у 12 беларусак


Штогод у краіне рэгіструюцца каля чатырох з паловаю тысяч выпадкаў захворванняў на рак малочнае залозы. На гэтую хваробу прыпадае чвэрць усіх ракавых дыягназаў для жанчын у нашай краіне. Перамагчы цяжкую хваробу можна – галоўнае выявіць яе, як мага раней.

Анколагі, псіхолагі, рэабілітолагі і грамадскія дзеячы аб’ядналі высілкі ў барацьбе з гэтай хваробай. Грамадскае абʼяднанне «Беларуская жаночая ліга» сабрала на круглы стол у Гомлі аўтарытэтных спецыялістаў у тэме захворванняў на рак малочнае залозы, каб абмеркаваць як матываваць жанчын на раннюю дыягностыку.

«Самой цікавіцца дыягностыкай, самой пайсці да доктара, самой патрабаваць даследавання ў новым стандарце», – кажа кіраўніца «Беларускай жаночай лігі» Ніна Стужынская.

Удзельнікі канферэнцыі пагадзіліся, галоўнай праблемай пры раку малочнае залозы ў Беларусі, ёсць недастатковая колькасць пастановак дыягназу на пачатковых стадыях хваробы. У нашай краіне яна складае каля 45 %, а ў Заходняй Еўропе – каля 75 %. Распазнаваць жа гэтую форму раку на першых стадыях мусяць самыя жанчыны.

Колькасць выпадкаў рака малочнае залозы павялічваецца. Пазалетась у гомельскай вобласці гэта было 530 дыягназаў, а летась ужо 660. І тычыцца гэта не толькі жыхароў забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў. Колькасць захварэлых на анкалогію ў Гомельскай і Магілёўскай вобласцях меншая, чым, напрыклад, у Менску. А на першым месцы па колькасці ракавых хворых, і ўвогуле, самая экалагічна чыстая – Віцебская вобласць.

Так што ад хваробы не трэба хавацца, і ні ў якім разе не падаць духам, кажуць тыя, хто сам перанёс рак малочнае залозы.

«Калі ты паддаўся і пераўтварыўся ў ахвяру і плывеш разам з плынню, то ты хутчэй за ўсё зыдзеш. Калі ж ты зразумеў навошта, не за што, а менавіта навошта да цябе гэта прыйшло, то ты гэта пераадолееш», – дадае грамадская актывістка Алена Цэйка, якая дала рады хваробе.

Ігар Кулей