«Кожны да кармушкі рвецца». Першыя перадвыбарчыя парушэнні ва Украіне


Менш за месяц застаецца да выбараў прэзідэнта ва Украіне. Акруговыя выбарчыя камісіі ўжо сфармаваныя і пачалі працу. Аднак не абышлося без парушэнняў, а асноўнаю праблемаю застаецца злоўжыванне адміністратыўным рэсурсам і непразрыстасць фінансавання перадвыбарчай агітацыі. Што непакоіць назіральнікаў, і ці варта непакоіцца выбарнікам?

Больш за чатыры дзясяткі кандыдатаў на прэзідэнта. Адкуль столькі ахвотных узначаліць праблемную краіну ў настолькі няпросты перыяд?

«Кожны да кармушкі рвецца».

«Можа, якая-небудзь партыя выстаўляе сваіх, каб потым галасы забраць, так жа?»

«Можа, ва Украіне проста шмат таленавітых людзей і кожны хоча сябе праявіць, чаму б і не».

«Гэта расцяжка галасоў проста».

Як сцвярджаюць назіральнікі грамадзянскай сеткі «ОПОРА», заўважную выбарчую актыўнасць дэманструюць толькі 26 зарэгістраваных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду. Астатнія, а гэта каля двух дзясяткаў асобаў, у найлепшым выпадку эпізадычна з’яўляюцца ў друкаваных медыях ці ў эфіры тэлеканалаў.

«Калі кандыдат малавядомы, ён не адкрыў выбарчага фонду, але зарэгістраваў сваіх чальцоў камісіі ў трыццаці тысячах раённых камітэтаў, то гэта, безумоўна, прыкмета ягонай тэхнічнасці, і мэта ягонай рэгістрацыі была толькі ў тым, каб забяспечыць квоту трэцяму боку», – тлумачыць Вольга Айвазоўская, кіраўніца сеткі «ОПОРА».

Найбольш распаўсюджаныя формы агітацыі – вонкавая рэклама, палітычная рэклама ў медыях, вулічныя намёты, партыйныя газеты і, вядома ж, сустрэчы з выбарнікамі. Самыя маштабныя агітацыйныя кампаніі з выкарыстаннем усіх формаў у лютым ладзілі Пятро Парашэнка, Юлія Цімашэнка ды Алег Ляшко. Пры гэтым комік Уладзімір Зяленскі, які ўзначальвае рэйтынгі, абмежаваўся вонкаваю рэкламаю, сацыяльнымі сеткамі ды… уласнымі шоу на тэлебачанні.

«Падчас канцэртаў прадзюсарскага цэнтру «Ліга смеху» паказваюць відэаролік на падтрыманне Уладзіміра Зяленскага. Там няма наўпроставых заклікаў галасаваць за яго, але кантэкст гэтага роліку, выкарыстанне лозунгаў кампаніі кандыдата дазваляюць меркаваць пра выкарыстанне імпрэзаў, не звязаных з агітацыяй, у перадвыбарчых мэтах», – каментуе Аляксандр Клюжаў, назіральнік сеткі «ОПОРА».

Аднак «Зэ!» – не адзіны, каму выстаўляюць прэтэнзіі назіральнікі з «ОПОРы». Адное з характэрных парушэнняў – злоўжыванне адміністратыўнымі рэсурсамі на нацыянальным і мясцовым узроўнях. Бо сярод кандыдатаў ёсць і дзейны прэзідэнт, і 16 народных дэпутатаў. Вольга Айвазоўская:

«Калі дэпутат прыязджае ў рэгіён, адчыняе там школу ці дае падарункі медычным установам і нават не згадвае, што тэхніку прыдбалі за бюджэтныя сродкі. Што датычыць прэзідэнта, то ў ягоныя паўнамоцтвы не ўваходзіць пенсійнае забеспячэнне грамадзянаў ці тарыфы на газ, але цяпер прэзідэнт прысутнічае на адпаведных паседжаннях ураду».

Назіральнікі «ОПОРы» заклікалі кандыдатаў не толькі размежаваць службовую ды агітацыйную дзейнасць, але і ўстрымацца ад палітычна матываванай дабрачыннасці.

Выбары будзе назіраць рэкордная колькасць грамадскіх арганізацыяў – 136. Прычым у 85-ці з іх няма досведу назірання за выбарамі ва Украіне, а больш за 30 наўпрост звязаныя з інтарэсамі кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду.

Апошнім часам назіральнікі адзначаюць рост узроўню агрэсіўных дзеянняў у бок агітатараў, а таксама псавання намётаў, газетаў і банераў. У медыях узрастае выкарыстанне чорнага піяру, фінансаванне якога выявіць практычна немагчыма.

Адэля Дубавец, belsat.eu