Кожны чацвёрты. Краіна пенсіянераў, якія працуюць


Паводле афіцыйнай статыстыкі, 25 % беларусаў пасля выхаду на пенсію застаюцца працаваць – асабліва вялікая частка людзей застаецца ў галіне адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання.

«Пенсіі мала. Покуль ногі носяць, трэба працаваць». Гэтак пры выхадзе на пенсію вырашаюць сотні тысяч беларусаў. У тым ліку і праз нежаданне пакідаць соцыум і сыходзіць у самотнае жыццё, але ў першую чаргу – з эканамічных прычынаў.

«Я радая, што працую. І шчаслівая гэтым, – кажа пенсіянерка Ніна Соціна. – Таму што зараз цяжкае жыццё, цэны вельмі высокія, калі прыйдзеш у магазін, то паходзіш, паходзіш, паглядзіш і пойдзеш далей».

Спадарыня Соціна працуе карэктаркай у газеце «Народная воля» ўжо больш за 20 гадоў. Дзякуючы працы і заробку можа дапамагаць сыну ў выхаванні ўнука. Ніна Андрэеўна кажа, што без працы не вытрымала б ад адзіноты ў сваёй кватэры.

«Я працую сярод калектыву, у нас вельмі дружны калектыў, я сустракаюся з маладымі і мне гэта надае шмат энергіі», – кажа спадарыня Ніна.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, працоўную актыўнасць захоўвае кожны чацвёрты пенсіянер – гэта больш за 665 тысячаў чалавек з агульнай колькасці больш за 2,5 млн чалавек. Прычым за год гэты паказнік павялічыўся прыблізна на 15 тыс. Адметна, што сярод працоўных пенсіянераў удвая больш жанчын.

Увосень у медыях з’явілася неафіцыйная інфармацыя пра магчымае ўразанне на 40 % пенсіяў тым, хто працягвае працаваць. У Міністэрстве працы цвердзяць, што такіх захадаў у планах няма. Цяпер абмежаванні ў выплатах датычаць тых працоўных пенсіянераў, хто ў мінулым меў высокі заробак, каэфіцыент якога перавышае адну цэлую і тры дзясятыя.

«Пенсіянер, які працуе, яшчэ плоціць усе падаткі. Але ні падаткі, ні стаж не ідуць, далей не залічваюцца гэтаму пенсіянеру, які працуе», – кажа Таццяна Зялко, старшыня грамадскага аб’яднання пенсіянераў «Наша пакаленне».

На думку эканамістаў, беларуская пенсійная сістэма – адная з самых неэфектыўных у свеце, і патрабуе карэнных зменаў.

«Аплочваюць пенсіі тыя, хто працуюць. То бок, гэта не ашчаджальная пенсія. Гэта проста вось даюць тыя, хто зараз працуе, яны вам даюць грошы на тое, каб пенсіянеры жылі. З гэтым трэба заканчваць. Пенсія павінна быць накапляльнай, у вас мусіць быць капітал», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Збіраць такі капітал дазваляюць адмысловыя пенсійныя фонды. Намеру перайсці на такую сістэму, нават на фоне прагнозаў усё большага старэння насельніцтва, улады не выказваюць. Беларусы ж застаюцца закладнікамі нармаваных мізэрных выплатаў – сярэдні паказнік пенсіі ў снежні склаў каля 300 рублёў.

Таццяна Рэут