Дзве траціны аўтамабіляў у Беларусі ездзіць без тэхагляду


Нягледзячы на захады ДАІ, колькасць аўтамабіляў, што праходзяць тэхагляд, з кожным годам змяншаецца. Паводле «Белтэхагляду», у 2019-ым па талон прыехала толькі кожнае трэцяе аўта. Адпаведна, дзве траціны аўтамабіляў ездзяць па вуліцах Беларусі без тэхагляду.

Толькі кожнае трэцяе аўта ў Беларусі ездзіць з тэхаглядам. Колькасць кіроўцаў, якія праходзяць тэхагляд, змяншаецца ўжо шосты год запар. Чаму?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У 2014 годзе аўтаўласнікаў забавязалі плаціць дарожны падатак – дзяржаўнае мыта на допуск аўта да дарожнага руху. Гэты падатак прывязалі да тэхагляду. Гэтак, цяпер кіроўцы мусяць выдаткоўваюць не толькі на паслугі дыягнастычных станцыяў, кошт якіх складае ў сярэднім 25 рублёў, але і на дарожны падатак. Для большасці легкавікоў гэта прыблізна 150 рублёў. А мінімальны штраф за язду без тэхагляду складае 27 рублёў.

«Пакуль гэта не празрыстая сістэма, пакуль яна не зразумелая, пакуль няма нейкага механізму пераносу ўсіх гэтых грошай на наступную машыну, людзі выбіраюць не плаціць. Тым больш атрымліваецца нават танней трапляць на штрафы, чым рабіць тэхагляд», – назвала прычыны Марыя Вашкевіч, інструктарка контраварыйнага кіравання.

А што аб праходжанні тэхагляду думаюць сталічныя кіроўцы?

«Дарожны збор дарагі. Людзі папросту некаторыя ездзяць месяц, два, а плоцяць за цэлы год. Таму вельмі дорага».

«Напэўна, ім выгадней заплаціць штраф, калі іх раптам спыняць, чым плаціць за тэхагляд».

«Я заўсёды раблю, бо я езджу за мяжу, там правяраюць».

«Гэта ж машына, гэта ж тэхніка. Яна ў любы момант можа выйсці з ладу. Быць упэўненым нават пасля тэхагляду нельга».

Увагу на праблему непраходжання тэхагляду ўсё часцей звяртаюць улады.

«Мінфін падрыхтаваў праект указу, які спрашчае парадак спагнання збору з адначасовым узмацненнем кантролю за яго аплатаю. Дарожны збор не будзе прывязаны да праходжання тэхагляду», – падзяліўся планамі Максім Ермаловіч, міністр фінансаў.

Летась у снежні ва ўрадзе абяцалі, што канчаткова пастанову адвязаць транспартавы падатак ад тэхагляду могуць прыняць у першай палове 2020 года.

«Абмяркоўваецца: ці штомесяц плаціць, ці паквартальна, ці штосьці яшчэ. Канчатковага рашэння дагэтуль няма. Таму гэта асноўны тормаз непраходжання тэхагляду. Хаця я баюся, што людзі ўжо не будуць глядзець, ёсць гэты дарожны падатак ці няма. Людзі ўжо звыкліся без тэхагляду ездзіць», – паведаміў Анатоль Шаўчэнка, галоўны рэдактар ADT.BY.

Ці ўплывае сітуацыя, калі большасць кіроўцаў не праходзіць тэхагляду, на павелічэнне аварыйных сітуацыяў на дарозе?

«Тут бы я не стала менавіта звязваць з аварыйнасцю нейкай на дарогах. Бо ў першую чаргу гэта тое, як людзі кіруюць, а не тое, у якім становішчы ў іх аўтамабіль», – падзялілася Марыя Вашкевіч.

Найчасцей тыя, хто прыязджае на тэхагляд, не могуць яго прайсці праз праблемы з тармазамі, фарамі і паваротнікамі, праз непаладкі ў рухавіку.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu