«Ковід-19» у Беларусі


На фоне сусветнай эпідэміі каронавіруса кіраўнік Беларусі не губляе аптымізму. Раней засцерагацца ад інфекцыі ён раіў трактарам, лазняй ды чаркай гарэлкі, цяпер заяўляе: вытрымаем да Вялікадня – значыць, жыць будзем. Афіцыйна ў нашае краіне толькі 81 інфікаваны «Ковідам-19».

Пік захваральнасці на каронавірус у Беларусі міне да праваслаўнага Вялікадня – 19 красавіка. Такі прагноз зрабіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з амбасадарам Кітаю Цуй Ці Мінам. Ён чарговы раз назваў сітуацыю з «Ковідам-19» псіхозам і заявіў, што ўсё пад кантролем:

«Мы найсурʼёзнейшым чынам кантралюем тых, хто прыбывае ў Беларусь. Пры неабходнасці прыбылых адпраўляюць на каранцін».

Як на практыцы выглядае памежны кантроль, добра ведае Настасся Захарэвіч, блогерка і публіцыстка, якая прыляцела з Прагі 14 сакавіка. У Менскім аэрапорце ў яе ўзялі аналіз на каронавірус, паабяцалі, што звяжуцца заўтра, але не звязаліся. Калі жанчыне стала кепска, яна трапіла ў адмысловы каранцінны блок, разгорнуты ў скур-вен-дыспансеры на вуліцы Прылуцкай. Аказалася, што аналізы згубілі. Паўтара тыдня Настасся не можа даведацца: «Ковід» ці не «Ковід»?

«У лякарні мы ў блоку па шэсць асобаў. У маёй палаце 4 асобы, у іншым 2. Дзяўчаты чакаюць сваіх тэстаў з чацвярга, пакуль прыйшоў толькі адзін. Спадзяюся, калі тэсты прыдуць, нас пачнуць выпісваць», – кажа Настасся.

Паводле жанчыны, па ўсёй больніцы праблемы з медычнымі маскамі, па 3 штукі на дзень насіць не атрымліваецца. Часам блок зачынялі на ключ, што Настасся лічыць грубым парушэннем тэхнікі бяспекі.

Агулам грамадзяне ўсё больш сурʼёзна ставяцца да пагрозы і ўсё часцей можна пабачыць людзей у масках, у тым ліку самаробных. Вось што кажуць «Белсату» жыхары і госці Менску:

«Я жыву ля 3-га інтэрнату, і адтуль пастаянна ездзяць «хуткія», забіраюць пастаянна кагосьці ў боксах».

«Я пераймаюся за здароўе сваіх пажылых сваякоў перадусім. І за дзіцё, за блізкіх. І за чалавецтва агулам».

«Не трэба баяцца, трэба выконваць захады бяспекі, і ўсё будзе добра!»

«Нашае насельніцтва не вельмі добра на гэтую тэму рэагуе, бо можа паўтарыцца тое, што ў Італіі і Кітаі. Бо людзі працягваюць масава збірацца, ходзяць у кінатэатры, ездзяць у грамадскім транспарце, нібыта вірус праходзіць міма іх».

Улады гэтак і не ўвялі каранціну ў школах і ўніверсітэтах, а прапановы ў пытаннях падатковых канікулаў і падтрымкі прадпрымальнікаў урад прадставіць на разгляд кіраўніку дзяржавы толькі на наступным тыдні. Межы Беларусі застаюцца адкрытымі.

«Першае, што трэба зрабіць, – закрыць межы для замежнікаў, бо невядома, хто адкуль прыязджае. І трэба ўзмацніць кантроль на мяжы. Калі я прыляцеў у аўторак, гэтага кантролю зусім не было. Бяры валізу і ідзі куды хочаш», – распавёў Аляксандр Лобан, гарадзенскі медык, які доўга працаваў у Галандыі.

Доктар Аляксандр Лобан сумняецца, што ў беларускіх медустановах паспелі прадумаць усе асаблівасці працы з «Ковідам-19». Пытанне і ў кваліфікацыі лекараў, і ў колькасці абсталявання, і ў тым, ці хапае тых жа масак ці абарончых строяў.

«Мы вельмі акуратна працавалі ды працуем. Не таму, што нічога не баімся, не ў гэтым справа. Мы спрабуем дзейнічаць прафесійна і кропкава, зыходзячы, у тым ліку, з досведу Кітаю», – заявіў сёння Лукашэнка кітайскаму паслу.

Выбух «Ковіду-19» пачаўся ў Кітаі напрыканцы года. Дактароў, якія папярэджвалі ўладу і грамадства пра небяспеку пандэміі, крытыкавалі за «распаўсюд чутак і фэйкаў», праз паліцыю прымушалі замоўкнуць. Яшчэ 7 студзеня ўлады Кітаю заяўлялі, што новы каронавірус не перадаецца ад чалавека чалавеку. Сёння, паводле афіцыйных звестак, па ўсім свеце інфікаваныя амаль 400 тысяч асобаў. Ад «Ковіду-19» памерлі больш за 17 тысячаў чалавек.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum