Кошты растуць, а валюты ў банках усё меней


 

Пасля сёлетніх выбараў, што ўзмацнілі палітычны крызіс, беларусы асабліва актыўна пачалі забіраць грошы з банкаў.

На прыкладзе сітуацыі з валютнымі дэпазітамі бачым, што найбольшы адток адбыўся ў жніўні. Апошнія месяцы сумы ўжо не такія вялікія, але рахункі дасюль пусцеюць.

Эксперт кажа, адна з прычынаў – недавер беларусаў да дзяржаўных інстытутаў і Нацыянальнага банку.

«Ну а другі матыў, верагодна, звязаны з адказам людзей на палітычны крызіс, з нейкім эканамічным супрацівам насельніцтва», – дадае старэйшы навуковы працаўнік Beroc Леў Львоўскі.

Больш за тры мільярды долараў забралі беларусы за пяць гадоў з валютных дэпазітаў. Паўтара мільярда з іх, то бок палову ад усёй сумы, – толькі сёлета.

«Людзі не нясуць грошай у банк, крэдыты не выдаюцца. Прадпрыемствы, якія, магчыма, у гэтых умовах хацелі б неяк пашырыць сваю вытворчасць, не могуць гэтага зрабіць, бо не могуць прыцягнуць крэдытных сродкаў», – тлумачыць Леў Львоўскі.

Наш эксперт дадае, што адток дэпазітаў будзе працягвацца. Трывае і рост коштаў.

Інфляцыя станам на лістапад склала 6,6 %. А Нацбанк планаваў утрымаць сёлетнюю інфляцыю ў межах пяці адсоткаў. Для параўнання: у 2019-ым годзе інфляцыя склала 4,7 %.

«Прычына дастаткова высокага ўзроўню інфляцыі, вышэй запланаванага ўзроўню – гэта дэвальвацыя беларускага рубля. Сёлета былі два моцныя падзенні курсу. Дэвальвацыя беларускага рубля азначае рост коштаў на ўсе імпартныя тавары, імпартныя камплектавальныя, імпартныя энерганосьбіты і так далей. Таму гэта абавязкова адлюстроўваецца на росце агульнага ўзроўню коштаў», – распавядае старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Эксперт распавёў, што чым бяднейшы чалавек, тым мацней на яго паўплывае інфляцыя. Але праз розніцу спажывецкіх кошыкаў рост коштаў кожны адчуе па-свойму. Жыхары Менску распавялі, на чым адчулі пад’ём коштаў:

«Кошты выраслі на ўсё, што б гэта ні было. Бытавыя, харчовыя тавары. А заробкі не растуць».

«Ды ўсё вырасла. Паўсюль прыклеілі па рублі, па два, па тры. Ад алею да ўсяго – усё вырасла».

«Праезд падаражэў, цыгарэты падаражэлі. Ды вопратка нават у прынцыпе дарагая».

«Ды яны на ўсё растуць. Алей – 4 рублі і больш».

«Калі судзіць з агульнай сумы, то стандартны паход у краму, стандартны набор паўсядзённых прадуктаў – розніца адчуваецца за апошні час, што сума гэтая значна вырасла».

Каб кампенсаваць рост коштаў, мінімальны заробак праіндэксавалі да 388 рублёў, што на 3,5% болей за папярэдні – 375 рублёў». Да таго ж, мінімальны заробак могуць перагледзець і ў снежні – як у бок росту, так і зніжэння.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Напішы журналістам