Кошты на грэчку пад «жэстачайшым» кантролем


Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю будзе трымаць пад «жэстачайшым кантролем» кошты на грэчкавыя крупы – яшчэ на тры месяцы. Летась цэны на грэчку выраслі ажно на траціну. Чаго чакаць у гэтым годзе, ці трэба бегчы і купляць стратэгічны прадукт?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Для звычайнага чалавека грэчка – проста смачны і зручны прадукт, які добра захоўваецца і лёгка гатуецца. Для эканамістаў жа гэта – індыкатар сацыяльна-экананамічнага стану. У Беларусі кошт на такі стратэгічны прадукт летась вырас на цэлых 36 %. Ці заўважылі гэта беларусы?

«Яны мяняюцца кожны дзень, таму не заўважна».

«Нам, беларусам, трэба яе есці як мага больш, яна выводзіць усё, што толькі ёсць кепскае ў арганізме, так што цудоўна, грэчку трэба есці пры любых коштах».

«Звычайна мы, пенсіянеры, набываем уцэненае, таму бог яго ведае, колькі, нават не заўважыла гэтага».

«Калі кошты застаюцца на тым жа ўзроўні, то менш грамаў кладуць. Было заўсёды па кілаграме, то цяпер ужо 900, 800, 700, 600, каб нас заблытаць».

І сапраўды, з прычыны рознай граматуры ў пачках зарыентавацца ў коштах досыць цяжка! Гэтак жа цяжка зразумець і грэчневыя захады ўладаў Беларусі, якія вырашылі на найбліжэйшыя 3 месяцы працягнуць дзяржаўнае рэгуляванне коштаў гэтае культуры. Афіцыйна – каб не дапусціць хуткага росту цэнаў на гэты тавар.

Аднак незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што мэта рэгулявання зусім не ў падтрыманні нізкіх коштаў:

«Расейцы гатовыя пастаўляць сюды таннейшую грэчку, чым прадаюць у нас, таму давялося даць распараджэнне. МАРГ прыняло рашэнне не зніжаць коштаў і змусіць расейцаў прадаваць сваю прадукцыю даражэй у Беларусі».

Мы сёння паглядзелі на паліцы крамаў у Менску, Магілёве, Віцебску, Глыбокім, Пінску і Берасці. І паўсюль – прыблізна адна і тая ж карціна: грэчка ёсць, але збольшага – расейская. Відавочна, што ўлады Беларусі таксама заўважылі гэтыя дыспрапорцыі ды вырашылі своеасабліва пазмагацца з гэтаю праблемай.

«Навошта нам імпарт: калі можам самі вырабляць, тады давайце імпарт танны сюды не пускаць, як мы бачым, і на грэчку, і на цукар, і на іншыя тавары. Гэта стратэгія, якая вядзе да жабрацтва насельніцтва», – мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Беларусы не ў захапленні ад пабочных метадаў гэткага змагання:

«Растуць страшна, не па нашых грошах, усё расце».

«Рост дзе значны, дзе нязначны».

«Усё падрастае, паўсюль вакол кошты растуць, не толькі на грэчку».

«Заўважылі, што падаражалі прадукты».

Масавая купля грэчкі – прыкмета эканамічнага крызісу. Але перад тым, як кінуцца ў крамы, памятайма: паводле ДАСТу, грэчка можа захоўвацца да 20 месяцаў. Але калі ўжо адкрылі пачак, то тэрмін прыдатнасці змяншаецца да 4 месяцаў.

Вольга Старасціна belsat.eu