Кошт навагодніх святкаванняў: ад дзіцячага ранішніку да карпаратыву


Савецкая традыцыя адзначаць надыход Новага году ў дзіцячых установах і ў працоўных калектывах захоўваецца і ў нашыя дні. Але складаная эканамічная сітуацыя ўнесла карэктывы ў фармат святкаванняў.

Бацькі беларускіх школьнікаў прызвычаіліся здаваць грошы то на рамонт школы, то на падарунак настаўнікам, то на ўборку класа, то на ранішнікі. Але сёлета не ўсе бацькі пагадзіліся пералічаць грошы за навагоднія святкаванні на школьныя рахункі.

«На пасяджэнні бацькоўскага камітэту нам прапанавалі скінуцца і пералічыць на рахунак школы па адной базавай велічыні на агульнашкольны ранішнік. Апроч таго, трэба скінуцца на падарункі нашым дзеткам і на падарункі настаўнікам, якія вучаць нашых дзетак. Майму дзіцяці ў прадлёнцы не знайшлося койкі. Чаму я буду «карміць» усю школу? Нашыя бацькі самі прыбівалі кручкі ў школе, каб можна было вешаць дзіцячае адзенне. Таму мы самі набылі дзецям падарункі. Настаўніца ў зборы сродкаў не ўдзельнічала, а іншым настаўнікам мы вырашылі падарыць мінімальны аб’ём прадуктаў. Абышлося мне гэта малой крывёй у 29 рублёў. А так з нас узялі б па 80 рублёў! Дык лепш я на 50 рублёў набуду дзецям садавіну, якую яны любяць, і накрою святочны стол», – распавядае Анастасія Кацуба, шматдзетная маці.

Калі ў гэтай сталічнай школе бацькі праявілі салідарнасць і адмовіліся плаціць круглую суму, то ў садку Анастасія Кацуба вымушаная была заплаціць у разы болей:

«У садку ранішнік каштаваў 60 рублёў. Бацькі вырашылі, прабачце за гэтае слова, выпендрыцца і замовілі яшчэ і Дзеда Мароза. Ну я, каб не адставаць… Мне гэта каштавала 100 рублёў. Грошы збіралі і на падарунак загадчыцы, і выхавальніцы, і музычнаму педагогу».

Што да дарослых, то сёлета каму не па кішэні сталі дарагія рэстараны, могуць перанесці карпаратыў у кавярні. Кошты залежаць ад даты правядзення: чым бліжэй да Новага году, тым даражэй.

«Наша кампанія адзначае Новы год 15 снежня. Карпаратывы, канешне, дорага, але, калі мы хочам дабіцца эфектыўнага тымбілдынгу і адзінства каманды, то гэта добрая справа, і на яе не варта шкадаваць грошай. Мы не скідваемся. За нас заплаціць кампанія».

«Сёлета некаторыя кампаніі ўжо 14-га будуць адзначаць. Некаторыя кампаніямі сваймі выязджаюць за мяжу. Мае знаёмыя едуць хто ў Львоў, хто ў Польшчу. Там танней».

«Мы сёлета будзем на карпаратыве ў кавярні. У нас ёсць агульная каса. Ня ведаю, колькі гэта будзе з адной асобы».

«Можна карапаратыў правесці не ў самыя святочныя дні, а перанесці на іншую дату, як гэта зрабілі мы на працы. Мы адзначым 12 студзеня, а не ў снежні, калі самы пік».

А напрыклад Адміністрацыя Менскага аўтамабільнага заводу вырашыла сёлета не праводзіць карпаратыў. Замест гэтага працаўнікі атрымаюць пакет з харчамі на 100 рублёў. Сапраўды, чым не падарунак, калі як ніколі актуальнай становіцца прымаўка: калі ў кішэні не густа, то і на стале можа быць пуста.

Любоў Лунёва, belsat.eu