Кошт на бензін можа вырасці да 1 еўра за літр


Паводле Міністэрства фінансаў кошты на бензін у бліжэйшы час не проста не спыняць імклівы рост, але да 2024 году ўвогуле могуць дасягнуць астранамічных для Беларусі вышыняў – да аднаго еўра за літр. Да чаго рызыкуе прывесці такая сітуацыя? Бо наступствы могуць быць не толькі эканамічныя.

Згодна з інфармацыяй Белнафтахіму, з-за падатковага манеўру ад пачатку году кошт на расейскую нафту вырас для нашых НПЗ прыблізна на 20 %, пры гэтым кошт паліва – на 5 %. Таму дзяржаўны канцэрн анансуе: бензін працягне даражэць.

«Гэта будуць лішнія выдаткі, гэта будзе цяжка для сямейнага бюджэту».

«Канешне, гэта б’е па гаманцы. Я думаю, што скараціцца колькасць удзельнікаў дарожнага руху».

«Калі ты траціш на паліва апошнія грошы, або іх прыходзіцца выдзіраць з бюджэту, то гэта ненармальна».

«З улікам нашых заробкаў, канешне, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Мы не зарабляем, як у Еўропе, таму мне здаецца, што гэта не зусім правільна», – кажуць жыхары Менску.

Ужо летась кошты на паліва выраслі ў сярэднім больш, чым на 20 %. А ўжо сёлета было ажно 9 падвышэнняў – кожнае на адну капейку. Патроху кошт на бензін А-95 з пачатку мінулага году вырас з 1.27 да 1.63 капеек цяпер. І тут спрацоўвае эканамічная аксіёма: рост коштаў на паліва пацягне за сабой падаражэнне іншых тавараў і паслуг.

Леанід Заіка, цэнтр «Стратэгія»:

«Мы жывём у прасторы, дзе свабодны рух тавараў. І зараз паступае вялікая колькасць вопраткі з Расеі, тэлевізараў, ужо свініну закупаем, бройлераў і іншае. Як любы іншы тавар, бензін будзе перамяшчацца з зоны з меншым коштавым узроўнем у зону з большым».

Толькі некалькі тыдняў таму шэсць буйнейшых сетак АЗС, за выключэннем дзяржаўнага «Белнафтахіму» і «Трайпла», звярнуліся з лістом да віцэ-прэмʼера Ігара Ляшэнкі з просьбай адпусціць кошты на паліва, бо пры цяперашніх умовах, калі дзяржава іх рэгулюе, аўтазаправачны бізнэс зʼяўляецца практычна стратным.

Міхаіл Юрковіч, кіраўнік «United Company»:

«На раздробны гандаль павышэнне коштаў, якое адбываецца ў мінулым і гэтым годзе, ніякага ўплыву не аказвае. Маржа ўся ад павышэнняў застаецца не ў нас, а ў заводу-вытворцы. У Мазырскага заводу і «Нафтану». І гэта робіцца для таго, каб закончыць рэканструкцыю гэтых двух заводаў. Раздробны гандаль маржынальны даход за гэтыя паўтара года не выйграў, а толькі страціў».

І ў мінусе апошнім часам аказваюцца не толькі буйныя кампаніі. Леанід Заіка, цэнтр «Стратэгія»:

«Цяпер беларусы мусяць звярнуць увагу, што ВУП вырас менш, чым на адзін адсотак, што рэальна даходы падвышацца ў гэтым годзе не будуць, што рэальна трэба жыць па сродках і эканоміць на ўсім, уключаючы бензін».

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: запраўкі нясуць страты і вымушаныя скарачаць выдаткі, кошты на паліва растуць і не збіраюцца спыняцца, а тут яшчэ і невырашаныя непаразуменні з Расеяй у нафтагазавай сферы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu