Корпус рэактара даставілі ў Астравец. Пашкоджанняў не знайшлі


29 снежня прадстаўнікі генеральнага канструктара, завода-вытворцы, Беларускай чыгункі, кампаніі-перавозчыка, страхавой кампаніі, замоўцы і генпадрадчыка зрабілі агляд усіх элементаў корпусу рэактара. Ніякіх пашкоджанняў не выяўлена, паведамляецца на сайце Беларускай АЭС.

Корпус ядравага рэактара, што два месяцы дабіраўся да Астравецкай АЭС, прыбыў на месца і гатовы да мантажу. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык.

Корпус установяць на першым энергаблоку замест таго, што ўпаў там сёлета ў ліпені. Але і гісторыя новага корпусу мае «чорныя» плямы. Гэтак днямі стала вядома, што непадалёк ад станцыі Слаўнае, што ў Талачынскім раёне на Віцебшчыне, корпус закрануў апору кантактнай сеткі чыгункі. Паводле кіраўніка Мінэнерга, расейскі бок зрабіў справаздачу па стэс-тэстах, аналіз якой цяпер праводзяць беларускія адмыслоўцы.

Небяспечны інцыдэнт выклікаў непакой не толькі ў экалагічных арганізацыяў у самой Беларусі, але і ў міжнароднай супольнасці. Літва, непадалёк ад межаў якой паўстае атамная электрастанцыя, папрасіла афіцыйны Менск пільна даць вычарпальную інфармацыю пра здарэнне.

У Вільні ўручылі ноту беларускаму амбасадару. Міністэрства замежных справаў суседняй краіны просіць рупліва расследаваць інцыдэнт і аб яго выніках паведаміць таксама і ў Міжнароднае агенцтва атамнай энергетыкі, а таксама для незалежнай ацэнкі запрасіць міжнародных экспертаў на будаўнічую пляцоўку БелАЭС.

ВС belsat.eu