Копію акту Люблінскай уніі паказалі ў Гістарычным музеі


Дробныя літары на пергаменце з казінай скуры, а ўнізе 77 пячатак на шаўковых матузках – з гэтага дакументу пачалася Рэч Паспалітая. Копія акту Люблінскай уніі зробленая настолькі дакладна, што не кожны адмысловец адрозніць яе ад арыгіналу.

Цягам двух гадоў яе стваралі найлепшыя рэстаўратары адмыслова для экспазіцыі Музею гісторыі Польшчы, які мае адкрыцца ў Варшаве ў 2021 годзе. А пакуль экспанат упершыню выехаў за мяжу – на выставу ў Менск. Робэрт Костра, дырэктар Музею гісторыі Польшчы:

«Для копіі выкарыстоўвалася адмысловая скура, атрамант з такім жа хімічным складам, як у 16 стагоддзі. Чаму нам было гэта важна? Бо Люблінская ўнія – гэта той фундаментальны акт Рэчы Паспалітай, які важны не толькі для палякаў і беларусаў, але таксама для літоўцаў і ўкраінцаў».

Як адбывалася самое падпісанне ўніі 1569 года, уявіў знакаміты польскі мастак Ян Матэйка. Тэкст пагаднення рыхтаваўся ў двух асобніках – для кожнага з бакоў. Але ацалеў толькі арыгінал Вялікага Княства Літоўскага. У досыць добрым стане ён захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных дакументаў у Варшаве. Экспануецца вельмі рэдка – у Каралеўскім замку.

Копія акту мае захоўвацца ў тых жа ўмовах, што і арыгінал. Таму ў зале прыглушанае святло, прахалодная тэмпература, і тут нельга фатаграфаваць з успышкай.

Сучасную і старажытную гісторыю дакументу распавядае фільм, які таксама можна паглядзець на выставе. Марэк Стрэмэцкі, сцэнарыст фільму «Люблінская унія. Копія і арыгінал»:

«Арыгінал цудам ацалеў у вайну – доўгі час ён быў у Яснагурскім кляштары ў Чэнстахове і, як ні дзіўна, захаванню дапамаглі нямецкія архівісты. Непадрыхтаваны чалавек сёння мала што зразумее з гэтага дакументу, але ў фільме адмыслоўцы тлумачаць кожную дэталь – што значаць колеры пячатак або як аднаўлялі шрыфт, зусім не падобны да сённяшняга стылю пісьма».

Нацыянальны гістарычны музей ужо вядзе перамовы з польскімі калегамі, каб стварыць копію акту Люблінскай уніі і для Беларусі. Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музею, распавядае:

«Музей гісторыі Польшчы цяпер у стане будаўніцтва, як і наш Нацыянальны гістарычны музей таксама, падрыхтаваны праект не толькі будынку, але і сталай экспазіцыі. І мы б марылі, каб у ёй была выстаўленая копія акту таксама».

А пакуль пабачыць, як амаль паўтысячагоддзя таму стваралася нашая супольная гісторыя ў Рэчы Паспалітай, можна ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Менску да 13 лістапада.

Аляксандра Дорская belsat.eu