«Коля прыехаў у Кітай хлопчыкам, а вернецца мужчынам». Расейскія медыі жартуюць з Лукашэнкі


Расейскія медыі ізноў узяліся за Аляксандра Лукашэнку.

Пакуль Лукашэнка наведваў Кітай, да беларускай тэматыкі вярнуліся ў Расеі. Важныя цяпер для нашай краіны пытанні сталіся ў медыях нашых суседзяў прадметам не аналізу, а здзеку.

Тыдзень таму ў гумарыстычнай праграме «Міжнародная піларама» пакпілі з беларускай гуманітарнай дапамозе Украіне. У найноўшым выданні той самай праграмы канал заняўся візітам Лукашэнкі ў Кітай, а дакладней ягоным сынам Колем.

Колю Лукашэнку назвалі цэсарэвічам і выказалі думку, што чакаць на кіраванне краінай Колем «засталося няшмат».

[Жонка кітайскага прэзідэнта] расцалавала хлопца ў абедзве шчакі. Прыехаў у Кітай хлопчыкам, а вернецца мужчынам. Можа для гэтага яго бацька ў Кітай і павёз, выказалі здагадку ў эфіры.

«Лукашэнка са сваім сынам Колем дае шмат падставаў, каб іранізаваць, – кажа журналіст Віталь Цыганкоў. – Калі гэта робяць беларускія незалежныя медыі, чаму гэта не могуць зрабіць у Расеі?».

Афіцыйна, чарговы этап напружанасці ў стасунках паміж Масквою і Менскам ужо ў гісторыі. Маўляў, бакам удалося дамовіцца ў балючых нафтагазавых пытаннях. Аднак неўзабаве пасля візіту Лукашэнкі ў Кітай і ягоных спробаў пошуку новых партнёраў у Пекіне з боку Расеі былі ўведзеныя новыя санкцыі супраць беларускіх малочных прадпрыемстваў.

Увагу журналістаў прыцягнула і тое, што падчас саміту ў Кітаі Лукашэнка і Пуцін не сустрэліся сам-насам.

«Гэтыя войны на любых франтах будуць працягвацца, – лічыць Цыганкоў. – Абсалютна не выключана, што будуць укусы з боку прэсы ці чыноўнікаў. Падставы да гэта ёсць».

Магчыма, найбліжэйшым часам стануць вядомыя новыя падводныя камяні ў афіцыйна правільным расейска-беларускім дыялогу. Аматарам жа гумарыстычных сюжэтаў з удзелам Лукашэнкі варта пачакаць новых праграмаў расейскіх медыяў.

Ян Бабіцкі