Коля Лукашэнка – «мужык»


Паводле кіраўніка краіны, ягоны сын, нягледзячы на хваробу, паказаў сябе на спаборніцтвах па біятлоне сапраўдным «мужыком».

На вуліцы – 10 градусаў марозу, халодны вецер і снег. На трыбунах – магутная група падтрымання з БРСМаўцаў і школьнікаў са сцягамі. Паглядзець на выступ удзельнікаў «Снежнага снайпера» прыехалі міністр адукацыі Ігар Карпенка, віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, кіраўнік федэрацыі біятлону Адрыян Цыбульскі і нават – старшыня КДБ Валер Вакульчык.

Летась такой зацікаўленасці высокіх чыноўнікаў да турніру «Снежны снайпер» у Раўбічах не было. Не было там і сына кіраўніка дзяржавы – Мікалая Лукашэнкі. У гэтым жа годзе дэбютант-біятланіст заняў у спрынце адразу трэцяе месца.

У эстафеце каманда Менскай вобласці, за якую выступаў Коля, заняла другое месца. Элітная вінтоўка «Anschutz 1827» сістэмы Фортнэра, кошты якой дасягаюць нават трох з паловаю тысячаў долараў, не дапамагла ўзяць золата.

Першыя месцы занялі дзеці са звычайнымі, малакалібернымі расейскімі вінтоўкамі БІ 7-4. Узнагароджваў пераможцаў сам Лукашэнка, які таксама ўзяў удзел у біятлоннай гонцы. Маўляў, лыжы – самы карысны спорт. Для мужыкоў.

«Малыш, як вядома, заваяваў вялізную папулярнасць на хакейных пляцоўках, становячыся там лепшым бамбардзірам і выгульваючы «Залатую шайбу». Але ў гэтым сезоне не атрымалася стаць пераможцам і, відаць, ён пакрыўдзіўся і перайшоў у біятлон. А ўвогуле, невядома, які від спорту яму падабаецца і да чаго ён больш прыхільны», – кажа спартовы аглядальнік «Белсату» Аляксандр Пуціла.

Страляць малады Лукашэнка любіць не толькі на біятлонным полі. Калісьці ён гуляўся з пісталетамі, потым – захапіўся камп’ютарнымі «Танкамі».

Але ў спорце можа пойдзе слядамі бацькі, які прызнаўся, што «па спецыяльнасці ён футбаліст».

Пасля ўручэння ўзнагародаў Аляксандр Лукашэнка развеяў усе сумневы: паводле кіраўніка дзяржавы, малодшы сын не хоча быць спартоўцам.

Сцяпан Святлоў; фота – БЕЛТА