Аб'ектыў 13.03.2017 Коля Лукашэнка атрымаў залатую шайбу і стаў № 1


Пакуль у рэгіёнах людзі пратэстуюць супраць падатку на беспрацоўе, у рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі святкуюць чарговую перамогу. Мікалай Лукашэнка прынёс дадому кубак пераможцы хакейнага турніру «Залатая шайба».

Нібыта звычайная гульня дзіцяча-падлеткавых хакейных камандаў. «Грыфоны» з Цэнтральнага раёну прабіліся ў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба», перамаглі «Мядзведзяў» з Чыжоўкі і атрымалі кубак пераможцы.

Але такое супадзенне: «Грыфонамі» камандуе Мікалай Лукашэнка

Менавіта сын кіраўніка Беларусі атрымаў кубак пераможцы ад міністраў спорту і адукацыі. Ужо другі год запар.

Справядліва перамаглі «Грыфоны», ці хтосьці дзесьці падыграў, вызначыць можна хіба матэматычным аналізам. Але заўжды застаюцца сумневы, бо каманда Лукашэнкі-старэйшага гэтаксама стабільна перамагае на аматарскіх спаборніцтвах.

«Улічваючы аўтарытарную сістэму ў Беларусі, улічваючы тое, што ад Аляксандра Лукашэнкі ўсё залежыць, задавальняць Лукашэнку, у тым ліку і на хакейнай пляцоўцы, знойдзецца заўсёды шмат ахвотных», мяркуе Андрэй Пачобут, журналіст і былы палітвязень.

«Залатая шайба» для Колі Лукашэнкі створаная на прызы Аляксандра Лукашэнкі

Арганізатары – прэзідэнцкі спартыўны клуб, міністэрствы спорту і адукацыі, БРСМ і Федэрацыя хакею. А дзяржаўныя тэлеканалы абавязкова адзначаюць поспехі Лукашэнкі-малодшага.

Коля Лукашэнка цікавіцца міжнароднай палітыкай

Сын кіраўніка Беларусі за дзяржаўныя сродкі лятае за межы Беларусі, засядае ў Генеральнай асамблеі ААН. Тэлебачанне паказвае Колю на святы, з бацькам на лецішчы, са знакамітымі гасцямі. Ну і з залатымі прызамі. Не ўсе беларускія дзеці маюць такое залатое жыццё. Не кожны можа набыць нават хакейную клюшку, не тое што поўную экіпіроўку.

«Лукашэнка як лідар, акружаны такімі лізаблюдамі, якія толькі захапляюцца Колям і ягонымі перамогамі, а інфармацыя з грамадства яму проста не дакладваецца», – упэўнены спадар Пачобут.

Можа, варта пачаць дакладваць? Іначай залатое жыццё Колі будзе выклікаць у грамадзянаў зусім не замілаванне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары