Коля хацеў уцячы ад бацькі?


Звычайны фотаздымак у звычайным плацкарце. Але на ім сам Коля Лукашэнка ды без аховы.

«Не верыцца мне, каб сын прэзідэнта так смела па цягніку хадзіў, тым больш, што ў нас не надта добрае меркаванне пра нашага прэзідэнта, таму, я лічу, што гэта няпраўда», – кажа мянчук.

«Падстава! Хто б адпусціў гэтага хлопчыка аднаго на плацкарце ці электравіку, як там сказана. Канешне, падстава», – мяркуе іншы жыхар сталіцы.

Здымак нібыта зроблены выпадковым пасажырам 17 жніўня. Ехаў Коля з Магілёва ў Шклоў ізноў жа нібыта сам. Ездзіў паглядзець, як кажа, «месцы баявой славы бацькі». Што праўда, пра якія баі мова, калі кіраўнік краіны 54-га года нараджэння, не ўдакладніў. Распавядае прэсавая служба.

«Хачу заўважыць таксама, што насуперак таму, што кажуць ці пішуць, прэзідэнт выхоўвае сына максімальна проста. Так было са старэйшымі сынамі Віктарам і Дзмітрыем. Гэтаксама цяпер з Мікалаем», – заявіла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.

Гучала б праўдападобна, калі б не той факт, што любая інфармацыя пра сямʼю Лукашэнкаў не зʼяўляецца выпадкова. Інтэрнэт засыпалі каментары.

«Вагон браніраваны, а ўсе пасажыры працаўнікі беларускага КДБ разам са сваймі дзецьмі. У тамбурах вагона ўзброеная ахова», – каментуе фота інтэрнэт-карыстальнік.

Здымак дзіўны, бо нават школа ў Астрашыцкім гарадку, куды ходзіць нібы просты хлопчык Коля, пад аховаю, а ўжо на падʼездзе аўты спраўджвае ДАІ.

«Аляксандр Рыгоравіч спрабуе паказаць людзям, што жыве ён вельмі сціпла, што ягоныя 16 ці 17, ці колькі там… рэзідэнцыяў – гэта так сабе, гэта нічога надзвычайнага, што прэзідэнту гэта неабходна. Коля ўвогуле беднае дзіця», – мяркуе рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

І, як беднае дзіця, Коля грае на раялі за $ 18 000, гуляе ў хакей, прымае парады, бярэ ўдзел у афіцыйных спатканнях, а таксама вельмі шмат падарожнічае разам з бацькам.

Урокі геаграфіі сын Лукашэнкі хіба вывучае на мясцовасці, бо часта гэтыя паездкі па свеце накладаюцца на заняткі ў школе. А часам яшчэ няпоўнагадовы Коля, як у Кітаі, і выпівае са згоды бацькі. Але ёсць час таксама і на святыя месцы: быў і ў Ватыкане, і з мітрапалітам Паўлам свечкі ставіў.

А калі ад усяго гэтага стомішся, як добра вярнуцца ў бацькоўскі куток – кавуны пазбіраць. А потым махнуць ды намалаціць пяць тонаў збожжа. Паэтычна. Але проза жыцця ў тым, што правоў у 12-гадовага школьніка няма і гэта не перашкода.

«Мне падаецца, у яго выхаванне простае», – кажа жыхарка Менску.

І ў гэтай прастаце сынок падрастае. І дзяржаўныя медыі Колю ўжо называюць Мікалаем ды з захапленнем распавядаюць, куды ён едзе. А вось куды коціцца Беларусь – цішыня.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»