Колькі ў Беларусі каштуе матч па дамоўленасці?


Грошы перадавалі грамадзяне Украіны і Расеі, стаўкі рабіліся ў букмекерскіх канторах ва ўсім свеце, пераважна ў Азіі і Еўропе. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў судзе распачаўся разгляд справы аб матчах па дамоўленасцях. Гэта тысячы долараў, некалькі футбольных клубаў і дзясяткі ўдзельнікаў. Трэнерам і футбалістам пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

На лаве падсудных – пераважна трэнеры і футбалісты. Агулам у арганізацыі ды правядзенні дамоўленых матчаў у найвышэйшай і першай лігах чэмпіянату Беларусі па футболе вінавацяць 15 чалавек.

«Я думаю, што гэты працэс – не першы і не апошні. Мяркую, што гэта толькі вяршыня айсбергу, бо ў Беларусі ёсць усе перадумовы для таго, каб такія матчы існавалі. Ды і не толькі ў Беларусі», – кажа Сяргей Южык, журналіст газеты «Прессбол».

Паводле следства, у 2015 і 16-м гадах адбылося 5 несумленных матчаў. Яны «каштавалі» ад адной да васямнаццаці тысяч долараў. Замоўцамі выступалі грамадзяне Расеі ды Украіны. Усе абвінавачаныя прызналі сваю віну.

«Як правіла, замежнік і трэнер дамаўляліся на паразу каманды ў гульні або ў тайме з пэўнай розніцай мячоў. Дасягнуўшы дамоўленасці, іншаземец перадаваў незаконную грашовую ўзнагароду трэнеру ці іншаму функцыянеру. Частку даходу размяркоўвалі сярод футбалістаў, якія забяспечвалі замоўлены вынік», – адзначае прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

Адмыслоўцы ўпэўненыя: аднымі судовымі працэсамі гэтай праблемы беларускага футболу не развязаць. Паводле Сяргея Южыка, пакуль у краіне ня створаць прафесійнай лігі, у якой футбалісты будуць задумвацца, ці варта рызыкаваць і губляць заробак праз такія стаўкі, матчы па дамоўленасцях будуць існаваць і далей.

«Для гэтага трэба, каб тэлебачанне плаціла грошы, якое зараз не плаціць футболу; для гэтага трэба, каб спонсары прыходзілі ў беларускі футбол. Яны зараз не прыходзяць. Ім нявыгадна тут – працаваць з нашымі падатковымі законамі», – мяркуе Сяргей Южык.

Складанае эканамічнае становішча схіляе да неспартовых паводзінаў ня толькі гульцоў. Нядаўна за хабар экс-дырэктару дэпартаменту судзейства да двух гадоў папраўчых працаў асудзілі трэнера »Смаргоні« Мікалая Рындзюка. »Белсат« запытаўся, як менчукі ды госці сталіцы ставяцца да таго, што ў спорце прынцып fair play губляе важнасць.

Пакуль жа пытанне, ці можна дамагчыся сумленнасці ад беларускіх футбалістаў без судовых працэсаў, застаецца адкрытае.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»