Аб'ектыў 27.12.2018 Колькі каштуе навагодні стол, і як зрабіць яго больш здаровым?


Аліўе – кароль усіх навагодніх сталоў у краіне. Штогоду 31-га снежня практычна ў кожным беларускім доме адкрываюцца слоікі з гарошкам і кроіцца вараная каўбаса. Але ці толькі аднымі салатамі з маянэзам ды бутэрбродамі з чырвонай ікрой можна смачна і адносна нядорага сабраць на стол?

Беларусы – народ кансерватыўны. Большасць нашых людзей не адступаюць ад навагодніх кулінарных традыцыяў, збольшага агульных для постсавецкай прасторы. Вольга Прыгарава, вядоўца праграмы «Я не буду это есть», распавядае:

«Селядзец пад шубай, аліўе, салат з крабавых палачак, памідоры з часныком – улічваючы тое, што ўсё гэта запраўляецца маянэзам, які ў нас не хатні. Гэта ўсё вельмі сытнае, каларыйнае, і раніцай ты ўстаеш, і такое адчуванне, што ў цябе камень у страўніку. Таму так, нашая навагодняя ежа вельмі цяжка ўплывае на пячонку».

Аднак нашых людзей наступствы не пужаюць. Навагодні стол у беларусаў мае непахісныя традыцыі:

«Канечне, салат аліўе, шуба, штось з мяснога».

«Аліўе, як звычайна, селядзец пад шубай».

«У нас будзе хатняя паляндвіца абавязкова. Магчыма, і салат зробім, аліўе».

«Традыцыйна – аліўе, мандарыны, селядзец пад шубай».

«Шуба, аліўе і баначка ікры».

Возьмем самы просты навагодні стол: два класічныя салаты – аліўе і з крабавых палачак, селядзец пад шубай, кавалак свініны, 400 грамаў сыру, палка сыравэнджанай каўбасы, кавалачак шынкі, бляшанка чырвонай ікры і, канечне ж, кілаграм мандарынаў. Дадамо сюды па бутэльцы шампанскага айчыннай вытворчасці, малдаўскага віна і сярэдняга кошту беларускай гарэлкі – атрымліваецца каля 110-ці рублёў.

«Мы, напэўна, харчуемся так, бо гэта звычка… За 110 рублёў можна сабраць добры стол – вядома, там не будзе амараў, крабаў, вустрыцаў ды іншага, але гарачае з ялавічыны ці свініны, парачку салатаў, у прынцыпе некалькі закусак – на сям’ю з двух чалавек, я кажу, – накрыць цалкам рэальна», – каментуе Вольга Прыгарава.

І нават самыя хрэстаматыйныя стравы можна зрабіць прасцейшымі ды здаравейшымі. Напрыклад, катлеты можна не смажыць у алеі, а зрабіць на пары і дадаць соус. А маянэз у салатах замяніць аліўкавым алеем. Або зрабіць маянэз самім, а не набываць у краме. А яшчэ лепш скарыстацца рэцэптам навагодняга салату ад шэфа Вольгі Прыгаравай, вядоўцы праграмы «Я не буду это есть» на «Белсаце»:

«Усё вельмі проста. Пекінская капуста, курынае філе ці сцягно, вінаград, трошку грэцкага арэху, і ці маянэз, ці алей. Абсмажыць курыцу са спецыямі або адварыць. Нарэзаць пекінскую капусту, пачысціць вінаград ад костачак, дадаць запраўку і трошку грэцкага арэху зверху».

Такія лёгкія стравы дададуць разнастайнасці ды свежасці навагодняму сталу. Але нават імі лепш не злоўжываць. Уласна рэцэпты смачных і здаровых страваў Вольгі Прыгаравай і кіраўніка гільдыі кухараў Беларусі Аляксандра Чыкілеўскага можна пабачыць на «Белсаце» штонядзелю а 20.15.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары