Колькі дзяржава прапануе дармаедам за працу


Працы – хоць гаць гаці, кажуць улады. І шукаюць новых дармаедаў. Не чакаючы, пакуль прыйдуць новыя «лісты шчасця», беларусы выправіліся на пошукі працы. На кірмашы вакансіяў у беларускай сталіцы пабываў і наш карэспандэнт Міхась Ільін.

На кожнага беспрацоўнага сталіцы прыпадаюць ажно 16 прапановаў працы. Такія звесткі прыводзіць Менскі гарвыканкам. Што працадаўцы могуць прапанаваць патэнцыйным працаўнікам, даведаемся на кірмашы працы.

Прайсціся хуценька ля стэндаў, паслухаць прапановы, узяць візітоўку і як мага хутчэй пакінуць будынак. Сціплы маршрут большасці шукальнікаў працы. Ці то не задавальняе аплата працы, ці то проста саромеюцца свайго статусу беспрацоўнага.

Абраць нібыта ёсць з чаго, аднак на заробак каля 1000 рублёў могуць разлічваць толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты.

«Працаваў у НДІ радыёматэрыялаў – было скарачэнне. Я – слесар кантрольна-вымяральных прыладаў пятага разраду. Прыйшоў – атрымаў некалькі прапановаў працы, якія мяне задавальняюць. Буду звязвацца па тэлефонах, бо пасля скарачэння паўтара месяца як беспрацоўны», – гаворыць спадар Сяргей, беспрацоўны.

Найбольш на кірмашы пенсіянераў і асобаў перадпенсійнага веку. Яно не дзіва: аплата па вакансіях без досведу працы і адмысловай адукацыі – невысокая. Мізэрную аплату такой працы можна разглядаць хіба што як дадатак да пенсіі.

«Паглядзеў некалькі вакансіяў. З таго, што бачыў, заробак у раёне 300–350 рублёў. Як дадатак да пенсіі няблага. Мяне задавальняе», – распавядае пенсіянер спадар Анатоль.

Афіцыйная статыстыка рапартуе – узровень беспрацоўя ў сталіцы складае ўсяго 0,1 адсотка. Гэта, вядома, залежыць ад таго, як лічыць. Чыноўнікі ўлічваюць толькі тых, хто становіцца на ўлік на біржы працы. Тыя ж, хто шукае працу самастойна, у статыстыку не трапляюць. Гэта прыводзіць да росту схаванага беспрацоўя, якое цяжка паддаецца падліку.

Міхась Ільін, belsat.eu