Колькасць жанчын у «нежаночых» сферах працы расце


Нежаночая сфера. Гэтак часцяком кажуць пра галіну інфармацыйных тэхналогіяў. Ганна Бароўская ў прафесіі ўжо 7 гадоў.

«Я разумею, што я – гэта не толькі я, але яшчэ і дзяўчына ў ІТ. І калі я буду на вышыні, то паводле мяне будуць судзіць пра іншых», – кажа Ганна Бароўская, якая працуе інжынерам па забеспячэнню якасці ў кампаніі «Cactussoft».

Канструктар-мадэльер з адукацыі, Ганна вымушаная была самастойна вывучаць новую для сябе спецыяльнасць. І сутыкнуцца з сувораю рэчаіснасцю: жанчын не заўсёды ўспрымаюць паводле прафесійных якасцяў.

«Стэрэатыпы ёсць: на 8 сакавіка кажуць, што мы – упрыгожванне офісу, што мы маем быць мілымі і чароўнымі. Я думаю, што вада камень точыць і тэндэнцыі да зменаў таксама ёсць, і мяне гэта радуе», – заўважае Ганна.

У бельгійска-беларускай кампаніі «Cactussoft» прыблізна 30 адсоткаў працаўнікоў – жанчыны. Тут запэўніваюць: дыскрымінацыі паводле полу няма.

«Некаторыя жанчыны зарабляюць у разы больш за мужчынаў, і гэта залежыць толькі ад прафесійнага ўзроўню. Тут увогуле пол не разглядаецца: жанчына ці мужчына», – заўваже HR-дырэктарка «Cactussoft» Ірына Пархоменка.

Паводле апошняга даследавання парталу dev.by, розніца ў заробках паміж жанчынамі і мужчынамі ў гэтай сферы можа сягаць тысячы долараў. У распрацоўнікаў і тэставальнікаў мужчынскі заробак большы на 15-20 адсоткаў за жаночы. Агулам па краіне сітуацыя яшчэ горшая.

«У нас існуе гендарнае адрозненне ў заробках у аплаце працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Гэта ў раёне 24 % на гэты момант», – кажа дырэктарка праваабрончай арганізацыі «Яе правы» Аляксандра Дзікан.

Пры гэтым у ЕЗ гэты разрыў складае ў сярэднім 10%-15%. Сярод прычынаў такой розніцы ў аплаце працы называюць перадусім нерашучасць жанчын прасіць большы заробак. А таксама гендарныя стэрэатыпы ў грамадстве.

«Агулам, як працадаўцы напрыклад мяркуюць часам, што мужчынам трэба плаціць больш, ён сям’ю ўтрымлівае, традыцыйны такі, вельмі традыцыйны падыход. Або калі мужчына – значыць ён лепш працуе», – кажа юрыстка.

Паводле звестак Белстату, у жанчын з вышэйшай адукацыяй заробак амаль на 36 адсоткаў меншы за мужчынскі. Нязначная розніца ў заробках у беларусаў з агульна сярэдняй і агульна базавай адукацыяй.

Ружаў водар чароўны – за права на заробак роўны. Гэткімі радкамі на сваіх паштоўках віншуе жанчын праваабарончы цэнтр «Вясна». Бо 8 сакавіка – гэта дзень не толькі кветак і вясны, але перш за ўсё дзень барацьбы жанчын за роўныя правы і магчымасці.

Наста Кахановіч, belsat.eu