Колькасць захварэлых у Акцябрскім рэзка панізілася. У чым прычына?


На вуліцах нешматлюдна, гаварыць на камеру людзі не хочуць, але ананімна распавядаюць, што ў вёсцы Ламавічы каля Акцябрскага некалькі тыдняў працавала фельчарка – кантакт першага ўзроўню. Кіраўніцтва больніцы гэты факт спрабавала схаваць.

Фельчарска-акушэрскі пункт у Ламавічах не працуе з 12 траўня. Фельчар на бальнічным – сказана ў абвестцы. Афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра заражэнне фельчара каронавірусам няма. Але самая фельчарка Наталля пацвердзіла інфармацыю, што ў ейнай сям’і два чалавекі з пацверджаным «Ковідам» і сёння яны мусяць выйсці на працу.

– Я ў ізаляцыі. – А чаму? – Бо ў мяне ў сямʼі… пад ізаляцыяй. Заўтра яны выходзяць на працу. – Яны ўсе з «Ковідам» у вас? – Двое.

Атрымліваецца, пакуль сямейнікі з «Ковідам» былі ў ізаляцыі, медык працягвала працаваць.

Стараста вёскі Ламавічы Надзея Ахраменка кажа: «Муж і сын, ён жа працуе ў больніцы, на каранціне. Хоць яна і працавала, але яна была ў ахоўнай масцы і пальчатках. І часта мяняла. Так што нічога страшнага».

Сын фельчаркі працуе лабарантам у Акцябрскай больніцы. Але пра колькасць інфікаванага сярэдняга і малодшага медперсаналу афіцыйных звестак няма.

Мясцовая жыхарка Людміла Бараноўская распавядае пра сітуацыю ў раёне:

«На бальнічным як была, каля дзвярэй стаяла, прыйшоў з хуткай, не лекар, а кіроўца, і выпіску рабілі. Былі 32 чалавекі. Тры ці чатыры хуткія, з райвыканкаму яшчэ нават давалі бус. – Што гэта за людзі былі? – Каронавірус, у больніцу павезлі».

Уся сямʼя Людмілы, сем чалавек, – кантакты першага ўзроўню. Два тыдні яны былі ў ізаляцыі, але тэстаў на «Ковід-19» ім не зрабілі.

«Я ім распавядала ў больніцы, што прыязджалі, кантактавалі, прыязджалі да мяне на дзень нараджэння. Усё роўна ніхто не ўзяў аналізы ні ў каго», – кажа Людміла.

Але, як зазначае старшыня райвыканкаму Андрэй Бараноўскі, з тэстамі ў раёне праблемаў няма: «Робім людзям, у якіх выяўленая пнеўманія, плюс катэгорыя грамадзянаў, якая першая група кантактаў была».

Паводле нашых крыніцаў, інфармацыю пра колькасць станоўчых вынікаў тэстаў у Акцябрскім дасылаюць найперш менавіта старшыні райвыканкаму, а пасля ягонага азнаямлення зʼяўляецца афіцыйная інфармацыя пра лік захварэлых.

«Людзей такая сітуацыя не задавальняе: у нас ёсць паняцце медычнай таямніцы, і чаму паведамляюць такую інфармацыю пра дыягназ старшыні райвыканкаму, незразумела», – кажа мясцовая актывістка Вольга Павук.

Але ні ў больніцы, ні ў санстанцыі атрымаць каментар пра тое, як і хто падлічвае колькасць захварэлых, не ўдалося.

Алена Дубовік belsat.eu