Колькасць турыстаў у Беларусі можна павялічыць яшчэ ў чатыры разы


Сусветны дзень турызму адзначаецца сёння. Турызм – гэта адна з нешматлікіх галінаў эканомікі, якая ў апошнія гады імкліва развіваецца ў нашай краіне. Чым нашыя турфірмы прыцягваюць замежнікаў, і што трэба зрабіць, каб замежных гасцей стала больш?

Паводле кампаніі «Mastercard», летась Менск наведалі 600 тысяч замежнікаў – на чвэрць больш, чымся год раней. Кожны пакінуў тут па 54 долары. За 5 гадоў колькасць замежных гасцей у нашай сталіцы павялічылася больш як удвая.

За пяцігоддзе падвоілася і колькасць турыстаў, якія наведваюць нашую краіну. Паводле Белстату, турфірмы летась прывезлі да нас 365 тысячаў чалавек. У гатэлях спыніліся больш за мільён замежных гасцей, а колькасць іншаземцаў, якія перасеклі мяжу, дасягнула 11 мільёнаў. У чым сакрэт такога значнага росту?

Філіп Гулы, Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі:

«За гэтыя 5 гадоў, дзякуючы і фестывалям, і спартовым спаборніцтвам, і тым не вельмі добрым палітычным падзеям, якія адбыліся ў нашых суседзяў, у беларускага турызму з’явіўся моцны шанец».

Шанцы павялічыў «бязвіз». З лютага 2017-га да траўня гэтага года ім скарысталіся больш за 230 тысяч турыстаў. Часцей за ўсіх да нас едуць расейцы, літоўцы, палякі, латышы ды ўкраінцы.

Чым нашыя тураператары прывабліваюць замежных гасцей, даведаемся на выставе «Турбізнес-2019». Турфірмы прапаноўваюць замежнікам наведаць нашыя санаторыі, убачыць замкі ды палацы, а таксама помнікі савецкай мінуўшчыны.

Алена Раманава, Кампанія «Беларустурыст»:

«І Берасцейская крэпасць, і Мірскі, і Нясвіжскі замак. Разам з тым папулярны экалагічны турызм. Людзі прыязджаюць паглядзець на нашую прыроду».

Рыбалка, збор грыбоў, народныя промыслы і, вядома, кухня. Аграсядзібы спаборнічаюць у вынаходстве пачастункаў, якімі можна прывабіць гасцей.

Антон Ісаеў, аграсядзіба «Польскі маёнтак», Берасцейская вобласць:

«Мы прэзентуем унікальнае варэнне з шышак. Яно робіцца на нашай сядзібе, збіраецца ў вызначаны перыяд і варыцца на працягу месяца. Уявіце сабе: цэлы месяц варыцца адно варэнне!»

Ала і Павел Мазоўкія, аграсядзіба «Балачанка», Менская вобласць:

«Ала Віктараўна зараз вам пакажа, чым мы частуем!» – «Сальцісонам, крывянкай, садавіной і гароднінай з нашага падворку. Мы робім кілбасы, пячом хлеб». – «А можна пачаставацца?» – «Вядома!»

Што прываблівае замежных гасцей у Беларусь, запыталіся мы ў гасцей Менску:

«Нам сказалі, што Беларусь – гэта вельмі добрае месца, каб здымаць кіно! Тут яшчэ не здымалі індыйскага кіно, таму мы вырашылі прыехаць сюды і зняць наш фільм тут».

«Мы прыехалі з адной мэтай: на XVI Міжнародны чэмпіянат па більярдзе сярод сілавых структураў».

«Чысціня тут ідэальная. Людзі цудоўныя і ветлівыя, тут у мяне многа сяброў і ніякіх праблемаў няма!»

Што трэба зрабіць, каб турыстаў у нашую краіну ехала больш? Рэкламавацца за мяжою, стварыць асобнае Міністэрства турызму і рыхтаваць кадры – раіць Філіп Гулы з Рэспубліканскага саюзу турыстычнай індустрыі:

«Не стае менеджараў, не стае працаўнікоў гатэльнай сферы – ні ў рэцэпцыі, ні ў офісе. Гідаў Нацыянальнае агенцтва турызму падрыхтавала нядрэнна. Але аніматараў, палявых інструктараў – гэтага не стае».

Сёння Варшаву і Вільню наведвае ўтрая больш замежнікаў, чымся Менск. Аднак адрыў ад суседзяў лёгка скараціць – упэўнены Філіп Гулы. На думку эксперта, калі ўлады рэалізуюць парады турбізнесу, то колькасць турыстаў у нашай краіне можна павялічыць у чатыры разы.

Аляксандр Папко belsat.eu