Колькасць парушэнняў на выбарах у Расеі вырасла ўдвая


Кандыдаты ад улады перамаглі на выбарах губернатараў, сістэмная апазіцыя прайшла ў Маскоўскую гарадскую думу. У Расеі сталі вядомыя вынікі адзінага дня галасавання. Падсумаванне ж грамадскага руху па кантролі за выбарамі не суцяшальнае: назіральнікі цвердзяць пра шматлікія парушэнні ды адзначаюць нізкую яўку выбарнікаў.

Дэпутатаў Масгардумы абралі стабільна нізкаю колькасцю выбарцаў – яўка склала 21,07 адсотка. У масквіча Станіслава Козіна гэта былі першыя выбары:

«Мне 30 гадоў, раней я не разумеў сваёй значнасці, не думаў, што можна нешта змяніць. Цяпер з’явіўся праменьчык надзеі».

Такім праменьчыкам для апазіцыйна настроеных грамадзянаў стаўся перадвыбарчы фон… Амаль 1,5 месяца ў сталіцы не сціхалі пратэсты, выкліканыя нядопускам да ўдзелу ў «думскія» выбары некалькіх дзясяткаў апанентаў улады. На хвалі падзення рэйтынгу «Единой России», шмат якія парткандыдаты ішлі на выбары як самавылучэнцы… На чыстую ваду выводзіў іх апазіцыянер Аляксей Навальны: стварыў старонку, якая паказвала выбарцам «хто ёсць хто», і заклікаў не галасаваць за іх.

«Калі ёсць людзі, якія гэтым жывуць, у гэтым разбіраюцца, чаму б не скарыстацца з іхных парадаў».

«Людзі могуць самі выдатна разабрацца, а гэта нейкае пасягальніцтва на свабоду выбару», – кажуць выбарніцы з Масквы.

Кандыдаты ад апазіцыйных партыяў прайшлі ў Масгардуму ў 20 акругах з 45. КПРФ – 13, «Справедливая Россия» – 3, прыхільнікі і сябры «Яблоко» – 4. Гэткім чынам большасць засталася за падтрыманымі «Единой Россией» кандыдатамі.

Андрэй Калеснікаў, маскоўскі цэнтр Карнэгі:

«Кампартыя з’яўляецца такой жа партыяй улады, як «Единая Россия», як і ЛДПР, і «Справедливая Россия», у меншай ступені сюды аднясем «Яблоко», бо гэта ўсё ж сапраўдная партыя. Атрымліваецца, што галоўныя бенефіцыяры таго, што атрымалася – гэта камуністы. Камуністы – гэта частка ўлады, кіраваная з Адміністрацыі прэзідэнта, інакш бы яны не трапілі ў Дзяржаўную Думу».

Камуністы і ЛДПР масава трапілі таксама ў гарадскія парламенты. А месцы губернатараў у 16 рэгіёнах пераважна занялі тыя, хто выконваў абавязкі старых. Незалежнае назіранне падвяло рысу – сёлета колькасць парушэнняў вырасла ўдвая.

Віталь Аверын, рэгіянальная сетка руху «Голас»:

«Двухразовае павелічэнне датычыць як усяе хады кампаніі, гэтак і парушэнняў у дзень галасавання. Калі казаць пра тэндэнцыі, то ўзрасла колькасць парушэнняў, звязаных з правамі назіральнікаў і сябраў камісіяў».

Скаргі назіральнікаў засталіся праігнараваныя. Наступны адзіны дзень галасавання пройдзе ў Расеі праз год 13 верасня.

Юлія Цяльпук belsat.eu