Колькасць крадзяжоў з банкаўскіх картак вырасла ў два разы


Пластыкавая картка – здавалася б, што тут можа быць небяспечнага? Наяўных грошай у руках не трымаеш, банк клапоціцца пра надзейнасць абароны рахунку, а ты толькі карыстайся без лішніх праблемаў. Але не – злачынцы ўжо даўно навучыліся віртуозна красці грошы і віртуальным чынам.

Больш за 1300 крадзяжоў фінансавых сродкаў з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогіяў за пяць месяцаў гэтага года налічылі праваахоўнікі. Таму Міністэрства ўнутраных справаў накіравала ў Нацыянальны банк адмысловы ліст, у якім папрасіла ўзмацніць абарону рахункаў кліентаў пры правядзенні онлайн-плацяжоў.

«Беларускія банкі абавязаныя выконваць у тым ліку міжнародныя абавязкі, якія ўзяла Беларусь, у супрацьдзеянні адмыванню грашовых сродкаў. Таму беларускія банкі, хочуць таго ці не, мусяць свае службы бяспекі прыводзіць у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі», – кажа Дзмітрый Заяц «БелаПАН».

Паводле адмыслоўцаў, цяпер для банкаў ужо не настолькі актуальныя звычайныя метады крадзяжу грошай з картак (напрыклад, маніпуляцыі з банкаматамі), бо шкода ад іх ужо амаль сышла на нуль. Большасць жа высілкаў на бяспеку прысвечаная менавіта абароне ад разнастайных камп’ютарных сродкаў фінансавых злачынстваў.

«Беспасярэдне тэхнічныя метады доступу да інфармацыі ўсе завязаныя з камп’ютарнымі вірусамі, траянамі, якія могуць трапіць на камп’ютар карыстальніка не важна якім шляхам, можа, нават выпадкова. І тады ўсе звесткі з камп’ютара могуць быць згубленыя, могуць трапіць у непатрэбныя рукі і быць скарыстаныя на шкоду», – адзначае Сяргей Чарнавокі, адмысловец у інфармацыйнай бяспецы.

Для банкаў пытанне бяспекі вельмі важнае таксама з прычыны прынцыпу нулявой адказнасці, уведзенага некалькі гадоў таму. Паводле яго, камерцыйныя банкі мусяць скампенсаваць кліентам страты ў выпадку крадзяжу грошай з іхных рахункаў, толькі калі кліенты самі не замяшаныя ў махлярстве. Але як бачыцца праблема бяспекі рахункаў самім іх уласнікам?

Жыхары Менску:

«Атрымліваеш грошы, нейкую суму здымаеш, застаецца энная сума, разлічваешся, таму я не баюся».

«Не, я вось, толькі наяўнымі. Я прывык так, я нарадзіўся у Савецкім Саюзе».

«Я давяраю, не баюся, у мяне там грошай мала».

«Я адразу прыходжу і ўсё да капеечкі здымаю».

У той жа момант, адзначаюць адмыслоўцы, хоць камп’ютарныя злачынцы ўвесь час распрацоўваюць новыя метады атрымання доступу да банкаўскіх рахункаў, асноўныя прычыны страты сродкаў надалей застаюцца ўсё тыя ж.

«Згубіць грошы з рахунку можна толькі праз уласную неахайнасць. Калі ўлічваць простыя рэкамендацыі: не даваць пін-коду, не даваць коду бяспекі, не фатаграфаваць картку, не пускаць нікога ў інтэрнэт-банкінг і мабільны банкінг, то пагрозаў не так ужо і шмат», – раіць Сяргей Чарнавокі.

Пагрозаў не так шмат, але колькасць крадзяжоў грошай імкліва вырасла. Адпаведна, больш увагі да пытанняў бяспекі патрабуецца не толькі ад банкаў, але і ад простых грамадзянаў.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»